Белорусский портал в Казахстане

Міністэрства аховы здароўя: у Беларусі назіраецца рост захворванняў ВРІ і каранавірусам



У Беларусі назіраецца рост захворванняў вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі і каранавірусам, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

«На сённяшні момант большасць пацыентаў хварэе ў хатніх умовах, у сувязі з чым, як і меркавалася, узрасла нагрузка на амбулаторна-паліклінічную і педыятрычную службы. Разумеючы, што нагрузка на ўсіх спецыялістаў будзе высокая, загадзя было праведзена навучанне ўрачоў розных спецыяльнасцяў, прадумана лагістыка працы кантактных брыгад. Таксама былі абмеркаваны пытанні прыцягнення да працы студэнтаў, навучэнцаў каледжаў у ролі валанцёраў і работнікаў колл-цэнтраў», — распавялі ў прэс-службе.

Па дадзеных сусветных даследаванняў, у лютым амікрон заменіць іншыя штамы каранавіруса, якія цыркулявалі і пераважалі ў грамадстве раней. Як адзначаюць медыкі, амікрон не такі патагенны, як іншыя. Напрыклад, грамадзяне, якія паспелі вакцынавацца або прайсці рэвакцынацыю, хварэюць каранавірусом літаральна на працягу некалькіх дзён, пры гэтым ён праходзіць як вострая рэспіраторная інфекцыя, а не пнеўманія.

Беларуская сістэма аховы здароўя правяла мерапрыемствы па падрыхтоўцы да прыходу новага штаму. Былі правераны ўсе кіслародныя сістэмы, павялічаны запасы лекавых сродкаў.

У Міністэрстве аховы здароўя нагадалі, што асноўныя спосабы зберагчы сябе ад захворвання — вакцынацыя, а таксама дыстанцыяванне, выкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны органаў дыхання, гігіена рук.

Да асноўных сімптомаў пры захворванні амікрон-штамам ставяцца боль у горле, чханне, насмарк, у некаторых адзначаецца нязначнае павышэнне тэмпературы, ламата і слабасць.

Звязда, 29 студзеня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/211/63192
Текущая дата: 10.10.2024