Белорусский портал в Казахстане

Дзеянні і ўчынкі навукоўцаў павінны адпавядаць інтарэсам дзяржавы



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні-нарадзе з Нацыянальнай акадэміяй навук.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важную ролю навукоўцаў, якая сёння значна шырэйшая за рамкі навуковых даследаванняў. "Кожны з вас - асоба ў гісторыі. У многім вы фармуеце светапогляд нацыі. Вельмі важна, каб вашы дзеянні і ўчынкі адпавядалі інтарэсам дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівую актуальнасць гэта набывае сёння, калі краіна знаходзіцца на важным гістарычным этапе, які Прэзідэнт назваў лёсавызначальным і нават пераломным.

"Мы ўносім змяненні ў Канстытуцыю. Па сутнасці, пішам пасланне будучым пакаленням беларусаў, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Наша мэта - абараніць і захаваць традыцыі, каштоўнасці, гістарычную памяць, умацаваць дзяржаўнасць, стварыць палітычны механізм, здольны выстаяць у крызіснай сітуацыі. Мы павінны помніць, што ўсё гэта робіцца для нашых дзяцей і ўнукаў".

У сувязі з гэтым Прэзідэнт выказаў пажаданне, каб акадэмікі, члены-карэспандэнты НАН актыўней прымалі ўдзел у публічных дыскусіях на тэму канстытуцыйнага рэфармавання.

"Адно імя - акадэмік, член-карэспандэнт - ужо гэта пакланенне перад ім, людзі будуць з задавальненнем не толькі слухаць, а рабіць учынкі так, як вы будзеце іх агітаваць і накіроўваць", - сказаў беларускі лідар.

Ён таксама ўказаў Адміністрацыі Прэзідэнта, каб яны больш задзейнічалі патэнцыял айчыннай навукі ў гэтым плане: "Усе гавораць: 2020-ы год... Мы неэфектыўна выкарыстоўвалі навуку, будзем старой мовай гаварыць, у прапагандзе і агітацыі. Вельмі неэфектыўна, наогул амаль не выкарыстоўвалі. А тое, што гаворыць вучоны, - гэта ікона, разумееце. Таму нам трэба ў гэтым плане рабіць пэўны крэн. І для вучонага гэта вельмі важна - калі ён пастаянна перад грамадствам".

Навука павінна служыць на карысць чалавецтву, але перш за ўсё - народу сваёй краіны, упэўнены беларускі лідар. "Вы, як сапраўдныя патрыёты, як людзі з выразнай грамадзянскай пазіцыяй, гэта цудоўна разумееце. І разумееце, што вашы поспехі з`яўляюцца адным з фактараў нацыянальнай бяспекі Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы ведаеце маё стаўленне да навуковай сферы і навукоўцаў. Я запрасіў вас для таго, каб адкрыта пагаварыць аб пытаннях, што накапіліся, вызначыць перспектывы развіцця айчыннай навукі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

25 студзеня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/213/63098
Текущая дата: 10.10.2024