Белорусский портал в Казахстане

Амаль 68 адсоткаў беларусаў лічаць неабходным захаваць у Беларусі асноўныя сацыяльныя гарантыі



Такія дадзеныя сацыялагічнага даследавання "Беларусь: меркаванне пра будучыню", арганізаванага Інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, агучыў кіраўнік Аналітычнага цэнтра EcooM Сяргей Мусіенка.

Рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на пытанне: якія змяненні ў дзеючую Канстытуцыю вы лічыце неабходнымі? Найбольш чаканымі і неабходнымі грамадства лічыць наступныя змяненні: захаванне асноўных сацыяльных гарантый (на ахову здароўя, сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, працу, адукацыю і г.д.) - 67,8 працэнта, забеспячэнне гарантый бяспекі - 39,1 працэнта, пашырэнне грамадзянскіх правоў і свабод грамадзян - 28 працэнтаў, пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж асноўнымі галінамі ўлады - 15,1 працэнта.

У рамках сацыялагічнага забеспячэння рэспубліканскага рэферэндуму з 15 лістапада па 4 снежня 2021 года сацыялагічным кансорцыумам ДНУ "Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі" сумесна з Аналітычным цэнтрам EcooM праведзена маштабнае сацыялагічнае даследаванне "Беларусь. Меркаванне пра будучыню". У апытанні прынялі ўдзел 10 217 рэспандэнтаў. Генеральная сукупнасць - эканамічна занятае насельніцтва. Выбарка шматступеньчатая, стратыфікаваная (па рэгіёне пражывання і тыпе населенага пункта), з кантролем квот па палавой прыкмеце і ўзросце. Даследаваннем ахоплены ўсе вобласці Беларусі, Мінск, 52 раёны (з улікам 9 раёнаў сталіцы), амаль 350 арганізацый і прадпрыемстваў розных сфер і форм уласнасці.

Варта адзначыць высокую цікавасць грамадзян да анкетавання, большасць з якіх станоўча ўспрынялі інтарэс сацыёлагаў да іх пазіцыі і ацэнак. Апытанне ўспрынята як магчымасць данесці сваё меркаванне наконт бягучых працэсаў, хвалюючых праблем і будучыні краіны. Грамадзяне выказвалі пажаданні больш частага правядзення такіх сацыялагічных даследаванняў. У ходзе жывога абмеркавання з інтэрв`юерамі рэспандэнты ўзнімалі пытанні водазабеспячэння, будаўніцтва аб`ектаў сацыяльнай і забаўляльнай інфраструктуры, якасці і даступнасці медыцынскага абслугоўвання і іншыя. Усе паступіўшыя заўвагі пачуты і пастаўлены на кантроль мясцовай выканаўчай уладай.

16 снежня 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/229/62314
Текущая дата: 10.10.2024