Белорусский портал в Казахстане

Каля 24,7 тыс. шматдзетных сем`яў адкрылі дэпазіты па новай праграме "Сямейны капітал"



Для шматдзетных сем`яў на 1 снежня 2021 года адкрыты 107 171 дэпазітны рахунак "Сямейны капітал", з якіх па праграме 2020-2024 гадоў - 24 701, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Па праграме "Сямейны капітал" 2015-2019 гадоў для шматдзетных сем`яў адкрыта 82 470 дэпазітных рахункаў на $824,7 млн. Памер назначанай у мінулую пяцігодку сумы складаў $10 тыс. для шматдзетных сем`яў, у якіх трэцяе або наступнае дзіця нарадзілася (усыноўлена, удачарона) з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года ўключна.

Па праграме 2020-2024 гадоў для шматдзетных сем`яў адкрыты 24 701 дэпазітны рахунак на Br568,2 млн. У новай пяцігодцы сямейны капітал назначаецца шматдзетным сем`ям, у якіх трэцяе або наступнае дзіця нарадзілася (усыноўлена, удачарона) з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2024 года ўключна. У 2020 годзе памер сямейнага капіталу складаў Br22,5 тыс., а з 1 студзеня 2021 года - Br23 737,5.

"На 1 снежня бягучага года на датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу пададзена 47397 заяў. З іх на паляпшэнне жыллёвых умоў - 41264 (87 працэнтаў), на атрыманне адукацыі - 2851 (6 працэнтаў), на атрыманне медыцынскіх паслуг - 3282 (7 працэнтаў). Прынята 45 348 рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу", - адзначылі ў Мінпрацы.

Больш за ўсё рашэнняў аб размарозцы сямейнага капіталу прынята ў Брэсцкай вобласці - 9679, следам ідуць Мінская - 7694, Гомельская вобласць - 7312, Мінск - 6431, Гродзенская вобласць - 5124, Магілёўская - 4595. Менш за ўсё такіх рашэнняў прынята ў Віцебскай вобласці - 4513.

9 снежня 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/232/62140
Текущая дата: 10.10.2024