Белорусский портал в Казахстане

У Магілёве праходзяць «Сіманаўскія чытанні»



На працягу тыдня ва ўстановах адукацыі і культуры абласнога цэнтра ладзяцца конкурсы, экскурсіі, акцыі, інфармацыйныя часы, выстаўкі, чытанні ў рэжыме афлайн і анлайн, праводзяцца літаратурна-музычныя імпрэзы і квіз-туры, прысвечаныя Канстанціну Сіманаву і 80-годдзю абароны Магілёва.

У рамках тыдня была прэзентаваная ўнікальная інтэрактыўная карта «Там ішлі баі ў далёкім 1941-м...».

— На жаль, у нас мала дзіцячай літаратуры пра Магілёў, — адзначыла адна з распрацоўшчыкаў праекта, супрацоўніца дзіцячай бібліятэкі-філіяла імя А.Пушкіна Ірына Баранава. — Ёсць навукова-папулярныя , даследчыя кнігі. Але яны разлічаны на больш дарослую аўдыторыю. Таму, ствараючы гэты праект, мы імкнуліся ў даходлівай форме паказаць дзецям гераічную абарону Магілёва.

Ірына Баранава адзначыла, што пры стварэнні карты ўлічвалася дакладная інфармацыя такіх аўтарытэтных магілёўскіх гісторыкаў, як Мікалай Барысенка, Ігар Пушкін. 

Заўтра ў Магілёве адбудуцца фінальныя мерапрыемствы «сіманаўскага» тыдня. Яны пачнуцца з ускладання кветак да памятнага каменя Канстанціну Сіманаву на Буйніцкім полі. У гэты ж дзень у Магілёўскім прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К. П. Арлоўскага пройдзе ўзнагароджанне ўдзельнікаў літаратурных конкурсаў, прысвечаных памяці Канстанціна Сіманава, і будзе арганізаваная экскурсія па музеі ў гонар пісьменніка. А ў МДУ імя А. Куляшова за круглым сталом збяруцца ў фармаце відэаканферэнцыі пісьменнікі Беларусі і Расіі.

Арганізатарамі «Сіманаўскіх чытанняў» з’яўляюцца Магілёўская гарадская арганізацыя «Рускае таварыства», Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, Магілёўскае гарадское аб’яднанне «Рускае культурнае асветніцкае таварыства», Магілёўскі гарвыканкам.

Нэлі Зігуля
Звязда, 25 лістапада 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/237/61801
Текущая дата: 11.10.2024