Белорусский портал в Казахстане

"Няхай жыве камуна!": віцебскія камуністы адзначылі 7 лістапада



Нягледзячы на тое, што з самай раніцы ў горадзе на Дзвіне не перастаючы ідзе дождж, каля помніка "правадыру сусветнай рэвалюцыі" двойчы збіраліся людзі, якія захацелі аддаць даніну павагі Леніну.

Помнік Уладзіміру Леніну знаходзіцца каля Віцебскай абласной філармоніі, каля ўвахода якой у раёне 10 раніцы схаваліся ад дажджу людзі. Пад савецкую музыку, якая грае з дынамікаў, прысутныя чакалі пачатку мерапрыемства.

"Я 40 гадоў прапрацавала ў гімназіі, і да гэтага помніка мы прыводзілі вучняў, якіх прымалі ў піянеры і Камсамол. Для мяне, як і для многіх людзей майго ўзросту, 7 лістапада адно з любімых свят", - паведаміла карэспандэнту віцябчанка Таццяна Васільеўна.

Па словах жанчыны, яна штогод імкнецца прыходзіць і ўскладаць кветкі да помніка Леніну.

Першымі, у 10 раніцы, каля помніка Уладзіміру Ільічу сабраліся прадстаўнікі Віцебскай абласной арганізацыі КПБ. Пасля непрацяглых прамоў і ўскладання кветак, прысутныя крыху пастаялі пад дажджом і разышліся.

У 11 раніцы да помніка Леніну падышлі маладыя людзі з рэвалюцыйнымі транспарантамі, якія паведамілі, што яны з "ВКПБ" і арганізавалі каля манумента невялікі мітынг.

Мерапрыемства завяршыў адзін з выступоўцаў, які ўсклікнуў: "Няхай жыве Камуна! Няхай жыве Сацыялістычная рэвалюцыя ва ўсім свеце!".

Потым прадстаўнікі ВКПБ таксама ўсклалі кветкі да помніка Леніну.

Наколькі святочнымі атрымаліся мерапрыемствы, гледзіце на відэа:



Віцебск, 7 лістапада 2021
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/244/61325
Текущая дата: 11.10.2024