Белорусский портал в Казахстане

Міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры» пройдзе ў НББ



VIII Міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры» адбудзецца 21 і 22 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамляе аддзел сувязяў з грамадскасцю НББ.

Тэма гэтага года — «Бібліятэкі ва ўмовах пандэміі: новыя магчымасці, новыя рашэнні». «Кангрэс — аўтарытэтная пляцоўка для інфармацыйнага абмену бібліятэчнай супольнасці па пытаннях функцыянавання бібліятэк ва ўмовах пандэміі: нарматыўнага прававога забеспячэння, стратэгічнага планавання і праектнай дзейнасці, выкарыстання дакументнага фонду, лічбавай трансфармацыі бібліятэк, стварэння і прадастаўлення доступу да анлайн-рэсурсаў, арганізацыі абслугоўвання карыстальнікаў», — адзначылі ў установе.

У кангрэсе прымуць удзел больш за 300 дэлегатаў з Беларусі, Балгарыі, Германіі, Расіі, Украіны. «Гэта вядучыя спецыялісты бібліятэк, архіваў, музеяў, выдавецтваў, адукацыйных, навукова-даследчых устаноў і арганізацый, прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, вытворцы праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў, інфармацыйнай прадукцыі і прамысловага абсталявання для бібліятэк», — распавялі ў НББ.

У праграме канферэнцыі значацца пленарнае і секцыйныя пасяджэнні, прэзентацыі. Вынікам калектыўнага абмеркавання стане выпрацоўка рэзалюцыі па далейшаму развіццю бібліятэчнай справы ва ўмовах сучасных выклікаў.

Арганізатары — Міністэрства культуры і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Звязда, 18 кастрычніка 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/251/61010
Текущая дата: 11.10.2024