Белорусский портал в Казахстане

Выстава «Сага пра дрэвы» прысвечаная Паўлу Цішкоўскаму адкрылася ў Магілёве



Незвычайная выстава «Сага пра дрэвы» прысвечана класіку савецкага фотамастацтва Паўлу Цішкоўскаму.

Выстава створана ўдзельнікамі магілёўскага народнага фотаклуба «Вясёлка.» У экспазіцыі 44 работы 18 аўтараў. Усе іх яднаюць дрэвы, яны тут самых розных відаў і форм. Гэта цэлы Сусвет, які зусім па-іншаму ўспрымаецца праз фотааб’ектыў.

— Калі мы ўбачылі фота нашага калегі Аляксандра Рожына з дрэвамі, якія абдымаюцца, мы адразу ж успомнілі работу Паўла Цішкоўскага «Абдымкі», — расказвае член фотаклуба, вядомы магілёўскі фотамайстар Ірына Савосіна. — Цішкоўскі, лічы, класік у фотамастацтве з вельмі тонкім густам і ўспрыманнем навакольнага свету. Мы вырашылі пашукаць у сваіх архівах здымкі дрэў і прысвяціць гэтаму аўтару выставу.

Павел Цішкоўскі родам з вёскі Калесішча Магілёўскага раёна. У дзяцінстве быў зачараваны карцінамі Шышкіна, Левітана, Саўрасава, Куінджы. У 60-я гады мінулага стагоддзя захапіўся фатаграфіяй, стаяў ля вытокаў стварэння клуба «Вясёлка». З сярэдзіны сямідзясятых ён удзельнік шматлікіх выставак, у тым ліку ў ГДР, Балгарыі, Югаславіі. У 1983-м годзе Цішкоўскі атрымаў залаты медаль PSA ў Ганконгу з прысваеннем ганаровага міжнароднага звання «Зорны клас,» а праз два гады стаў уладальнікам яшчэ аднаго такога ж медаля ў ЗША. У 1988-м годзе ён быў ушанаваны ганаровым званнем AFIAP. У альбоме «Фатографы з СССР», які быў выдадзены ў ГДР, яго прозвішча значыцца сярод сямі лепшых фатографаў Савецкага Саюза. Фотамайстра не стала ў 1989 годзе.

Паглядзець фотавыставу можна будзе да 25 кастрычніка. 

Нэлі Зігуля
Звязда, 27 верасня 2021


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/258/60680
Текущая дата: 11.10.2024