Белорусский портал в Казахстане

У Магілёве адкрылася выстаўка вядомых беларускіх керамістаў — Валерыя Калтыгіна і яго сына Максіма



Яны прапануюць гледачу сумесны праект — «Чатыры чвэрці». І «Расліна ў кераміцы» — гэта яго першая частка. Наперадзе яшчэ тры, прысвечаныя жывёльнаму свету, непасрэдна чалавеку і тэхніцы — як найвышэйшаму дасягненню чалавецтва за перыяд свайго існавання.

— Гэта такі доўгаграючы праект на некалькі гадоў, — усміхаецца старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Валерый Калтыгін. — Падаплёка яго такая: жыццё на зямлі пачынаецца з раслін, потым з’яўляецца жывёльны свет, потым чалавек, а потым усё тое, што чалавек стварыў. Першую частку мы ужо з сынам падрыхтавалі. Пасля Магілёва выстава адправіцца ў Мінск. Наступная частка прысвечана жывёльнаму свету, і я ўжо заявіў яе ў Саюзе мастакоў. А ў наступным годзе мне спаўняецца 75 гадоў і трэба рабіць юбілейную выставу. Маё жыццё вельмі насычанае, будую майстэрню, пішу кнігі, рэкламую сваю творчасць. Наколькі гэта ўсё паўнавартаснае, пакажа час. Зараз усё гэта цяжка прааналізаваць.

Выстава «Расліна ў кераміцы» будзе экспанавацца ў выстаўным зале музея гісторыі Магілёва да канца чэрвеня.

Нэлі Зігуля
Звязда, 10 чэрвеня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/275/59704
Текущая дата: 12.10.2024