Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі ў 2020 годзе нарадзіла амаль тысяча жанчын, якія зацяжаралі дзякуючы ЭКА



Амаль тысяча родаў у 2020 годзе была прынята ў жанчын, цяжарнасць у якіх настала ў выніку прымянення ЭКА. Аб гэтым заявіла 27 траўня на прэс-канферэнцыі галоўны спецыяліст аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Таццяна Бурдзь.

Дзеці да 18 гадоў складаюць каля 19 працэнтаў насельніцтва Беларусі. Наша рэспубліка займае 25-ю пазіцыю ў рэйтынгу самых камфортных для мацярынства краін, уваходзіць у 50 лепшых краін па вядзенні цяжарнасці і арганізацыі родаў кваліфікаваным медперсаналам.

«У 2020 годзе ў рэспубліцы нарадзілася 82 971 дзіця, з іх 214 дзяцей з экстрэмальна нізкай масай цела. Нарадзіліся 864 двойні і 14 трайнят», — прывяла агульныя лічбы родадапаможных устаноў Таццяна Бурдзь.

«У 2020 годзе ў рэспубліцы амаль тысяча родаў прынята ў жанчын, цяжарнасць у якіх настала ў выніку прымянення метадаў дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій. Прымяненне гэтых метадаў дае магчымасць сямейным парам стаць шчаслівымі бацькамі», — дадала прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.

З 2020 года адна спроба ЭКА прадастаўляецца парам бясплатна — у трох установах. Гэта толькі адна з мер у сферы рэпрадуктыўнага здароўя беларусаў, якія прымаюцца сістэмна, каб павышаць нараджальнасць у краіне.

Звязда, 27 траўня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/279/59511
Текущая дата: 12.10.2024