Белорусский портал в Казахстане

Фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг» прайшоў у Касцюковіцкім раёне



У шосты раз паэты, пісьменнікі і аматары мастацкага слова сабраліся разам, каб адзначыць прыгожае літаратурнае свята і назваць імёны лепшых аўтараў.

Традыцыйна раз у два гады творчая інтэлегенцыя краіны збіраецца на радзіме таленавітага беларускага паэта Алеся Пісьмянкова. У вёсцы Бялынкавічы, дзе ён нарадзіўся, праходзяць чытанні, гучаць яго вершы, а таксама паэтаў-землякоў і іншых аўтараў. Да памятнага каменя на беразе невялікай рачулкі Бесядзі людзі нясуць кветкі. Але асноўныя падзеі адбываюцца ў Касцюковічах. У свяце задзейнічаны асноўныя цэнтральныя пляцоўкі райцэнтра, у скверы працуюць творчыя майстэрні, выстаўкі, літаратурныя і мастацкія гасцінныя. На гэты раз сярод ганаровых гасцей прысутнічалі ўнук Аркадзя Куляшова — Уладзімір Бярбераў і пісьменнік Віктар Патапенка.

Старшыня Касцюковіцкага райвыканкама Аляксандр Гарбачэўскі высока ацаніў пісьменніцкае свята. Ён паабяцаў, што асабіста прыкладзе ўсе намаганні, каб яно стала абласным, а потым, магчыма, і рэспубліканскім. Зараз гэта адзін з галоўных брэндаў Касцюковіцкага раёна.

У рамках фестывалю адбылася канцэртная праграма «Музыка натхнення!» з удзелам духавых аркестраў Крычаўскага, Магілёўскага, Кіраўскага і Касцюковіцкага раёнаў, выступленні народных і аматарскіх калектываў, паэтычныя чытанні ўдзельнікаў і канкурсантаў фестывалю. Былі адзначаны пераможцы конкурсаў паэзіі, аўтарскай песні, выставачных экспазіцый майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выставы-прэзентацыі бібліятэк.

— На гэты раз большую цікавасць да літаратурнага конкурсу праявіла моладзь, — адзначыў старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Алесь Казека. — Шмат было вершаў прысвечаных любові да Радзімы, аб прыгажосці роднай зямлі, захаванні памяці аб мінулым. Свята наогул прайшло на высокім узроўні. Пісьменнікам надавалася вялікая ўвага і з боку кіраўніцтва раёна, і з боку грамадскасці. Прыемна, што раённая ўлада адчувае важнасць уздзеяння на грамадства якаснага пісьменніцкага слова.

Нэлі Зігуля
Звязда, 24 траўня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/280/59429
Текущая дата: 12.10.2024