Белорусский портал в Казахстане

Калектыў Магілёўскага абласнога тэатра лялек стаў заслужаным



Магілёўскаму абласному тэатру лялек прысвоена званне "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь", паведамілі ва ўстанове.

"Наш калектыў - лаўрэат шматлікіх айчынных і міжнародных фестываляў і конкурсаў, - адзначылі ва ўстанове. - Тэатр тройчы станавіўся лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія", неаднаразова атрымліваў вышэйшыя ўзнагароды прэстыжных тэатральных фестываляў".

Магілёўскі абласны тэатр лялек з`явіўся ў 1976 годзе. Першы спектакль быў паказаны 23 мая 1977 года - магілёўцы і госці абласнога цэнтра ўбачылі на сцэне захапляючую гісторыю "Тыграня Петрык" паводле п`есы Г.Янушэўскай і Я.Вількоўскага. З гэтага моманту і да сённяшніх дзён установа культуры дынамічна развіваецца і пастаянна здзіўляе юных гледачоў новымі спектаклямі.

Цяпер тэатр пачаў актыўную падрыхтоўку да 45-гадовага юбілею. Новы сезон абяцае быць відовішчным і насычаным. З верасня пачне работу абноўленая дзіцячая тэатральная студыя і студыя выяўленчага мастацтва.

Таксама ў верасні стартуе новы праект "Тэатральныя сустрэчы", у рамках якога ў Магілёў будуць запрашаць тэатры лялек Беларусі і Расіі. Ну і, вядома ж, прадоўжыць радаваць сваіх гледачоў спектаклямі мінулых гадоў і новымі пастаноўкамі.

25 мая 2021, Магілёў
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/280/59472
Текущая дата: 12.10.2024