Белорусский портал в Казахстане

Мінюст адмовіў у дзяржрэгістрацыі палітычнай партыі «Саюз»



Міністэрства юстыцыі Беларусі прыняло рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі палітычнай партыі «Саюз», паведамілі ў прэс-службе Мінюста.

Пры вывучэнні прадстаўленых для дзяржаўнай рэгістрацыі дакументаў устаноўлена, што заснавальнікі парушылі ўстаноўлены парадак стварэння палітычнай партыі, а таксама прадставілі несапраўдны дакумент.

У адпаведнасці беларускім заканадаўствам для стварэння і дзейнасці палітычнай партыі неабходна не менш за 1 тыс. заснавальнiкаў (членаў) ад большасцi абласцей краіны і Мінска.

У якасцi заснавальнiкаў палітычнай партыі «Саюз» выступілі 1023 чалавека. «Пры правядзенні Міністэрствам юстыцыі выбарачнай праверкі звестак аб асобах, якiя ўтрымлiваюцца ў спісе заснавальнікаў палітычнай партыі (праверана 150 з 1023 заснавальнiкаў), у дачыненні да 26 асоб ўстаноўлена, што асобы з названымі ў спісе персанальнымі дадзенымі адсутнічаюць», — адзначылі ў прэс-службе. Такім чынам, прадстаўленыя дакументы не пацвярджаюць наяўнасць у палітычнай партыі «Саюз» не менш за 1 тыс. заснавальнікаў.

Устаноўлены таксама недакладныя звесткі адносна месца жыхарства некаторых людзей, ёсць факты, калі указаны не ўсе прадугледжаныя законам «Аб палітычных партыях» звесткі. У сувязі з гэтым спіс заснавальнікаў партыі не можа быць прызнаны сапраўдным дакументам для дзяржаўнай рэгістрацыі.

Акрамя таго, устаноўлена, што ў якасці аднаго з заснавальнікаў выступіў чалавек, які не з’яўляецца грамадзянінам Беларусі, што сведчыць аб парушэнні ўсталяванага парадку стварэння палітычнай партыі. Былі і іншыя парушэнні.

Вышэйназваныя парушэнні згодна арт.17 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб палітычных партыях» з’яўляюцца падставай для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі палітычнай партыі». Рашэнне можа быць абскарджана ў Вярхоўным суде.-

Звязда, 3 траўня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/286/59120
Текущая дата: 12.10.2024