Белорусский портал в Казахстане

Беларусы змогуць атрымаць бясплатную кансультацыю ў замежных натарыусаў



Пра гэта паведаміла намеснік старшыні Беларускай натарыяльнай палаты Таццяна Дзялендзік на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы.

Бясплатна пракансультавацца ў рэжыме онлайн ў натарыусаў з іншых краін грамадзяне Беларусі змогуць восенню. Мерапрыемства будзе прымеркавана да міжнароднага дня бясплатнага кансультавання, які натарыусы праводзяць у першую суботу кастрычніка. 

— Кожны грамадзянін мае права на атрыманне прафесійнай юрыдычнай дапамогі, а задача натарыуса — яе аказаць, — адзначыла Таццяна Дзялендзік. — Але пры гэтым трэба разумець, у якіх жа кірунках працуе натарыят. Перш за ўсё гэта кансультаванне, праца з шлюбнымі дамовамі, пасведчанне завяшчання, афармленне спадчынных правоў. Па гэтых пытаннях натарыус з’яўляецца больш кваліфікаваным юрыстам.

Бясплатныя кансультацыі спецыялістаў карыстаюцца нядрэннай папулярнасцю. У мінулым годзе іх было праведзена больш за 30 тысяч па ўсёй рэспубліцы, у тым ліку ў рэжыме онлайн. Таццяна Дзялендзік паведаміла, што ў чарговы раз натарыусы бясплатна пракансультуюць усіх жадаючых 7 мая.

— Увосень мінулага года беларускі натарыят стаў членам Міжнароднага саюза натарыяту. У гэтым годзе ў першую суботу кастрычніка мы далучымся да міжнароднага дня бясплатнага кансультавання.

Фармат працы пакуль што прапрацоўваецца. Аднак, па словах Таццяна Дзялендзік, грамадзяне Беларусі змогуць пракансультавацца па пытаннях, якія іх хвалююць, у тым ліку і ў замежных натарыусаў ў рэжыме онлайн.

Звязда, 28 красавіка 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/288/59004
Текущая дата: 12.10.2024