Белорусский портал в Казахстане

Памяць ратавальнікаў, што загінулі пры ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, сёння ўшаноўвалі на Гомельшчыне



Мітынг-рэквіем, прысвечаны 35-й гадавіне катастрофы прайшоў на тэрыторыі Гомельскага філіяла Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь.

Афіцэры, курсанты і навучэнцы Спецыялізаванага ліцэя МНС усклалі кветкі і вянкі да манумента ў памяць аб пажарных, што цаной свайго жыцця ліквідавалі наступствы аварыі.

— Мы аддаём даніну памяці і павагі пажарным Чарнобыля. Іх гераічны подзвіг нагадвае нам пра тую каласальную адказнасць, якая кладзецца на плечы ратавальнікаў. Для нас быць сапраўдным прафесіяналам — значыць не толькі валодаць вялікім аб`ёмам ведаў, уменняў і навыкаў, але ў першую чаргу быць гатовым пайсці на самаахвяраванне, калі таго патрабуе службовы абавязак, — адзначыў падчас мітынгу начальнік Гомельскага філіяла Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Аляксандр Ключнікаў.

Сваімі ўспамінамі аб тых падзеях падзяліўся ліквідатар наступстваў аварыі Ігар Лапшын. Ён нагадаў, што ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС прымалі 600 пажарных Гомельшчыны.

— У нас задачы былі ўжо не такімі, як у нашай першай шарэнгі. Мы займаліся аўтапатруляваннем, тушэннем пажараў у зоне адчужэння і адсялення, забяспечвалі эвакуацыю і пажарную бяспеку на аб`ектах, якія спынялі сваю эканамічную дзейнасць. Але тое, што зрабілі першыя 28 пажарных, не сувымераць ні з чым. Яны не далі агню дабрацца да трэцяга рэактара. Калі б ён выбухнуў, не было б зараз Гомельскай вобласці, і наступныя пакаленні павінны памятаць аб іх подзвігу, — падкрэсліў ліквідатар наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Таксама памінальны мітынг правялі ў Гомелі каля капліцы, што ўстаноўлена ў памяць пра пажарных, загінулых падчас ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Да правядзення памятнага мерапрыемства далучыліся прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, школьнікі, студэнты і проста неабыякавыя гамяльчане. Яны аддалі даніну памяці загінулым ратавальнікам. Кранальным момантам мітынгу-рэквіему стала прывітанне юных ратавальнікаў-пажарных, вучняў сярэдняй школы № 9 Гомеля.

Між тым Гомельшчына 35-ю гадавіну катастрофы на ЧАЭС адзначыла адкрыццём Музея гісторыі Чарнобыля. Днямі ён прыняў першых наведвальнікаў — удзельнікаў падзей 1986 года, ліквідатараў наступстваў катастрофы. Размясціліся экспазіцыі ў Цэнтры бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю абласнога ўпраўлення МНС у Гомелі.

На цырымоніі адкрыцця музея пайменна ўспомнілі 28 пажарных Чарнобыля і хвілінай маўчання ўшанавалі загінулых ліквідатараў — ахвяраў аварыі на ЧАЭС.

— Слова «Чарнобыль» стала сімвалам бяды і чалавечага гора. Маштабы катастрофы маглі стаць нашмат большымі, калі б не мужнасць і самаадданасць пажарных Чарнобыля, а таксама больш чым 800 тысяч удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Рызыкуючы жыццём, здароўем, яны абаранілі людзей, — адзначыў на адкрыцці Музея гісторыі Чарнобыля намеснік начальніка абласнога ўпраўлення МНС Андрэй Грыгаровіч.

Наталля Капрыленка
Звязда, 26 красавіка 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/289/58963
Текущая дата: 12.10.2024