Белорусский портал в Казахстане

Беларускія палярнікі павіншавалі жанчын з Антарктыды



Удзельнікі 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі павіншавалі сваіх каляжанак па Акадэміі навук і жанчын усёй краіны з цудоўным святам.

У пасланні, у прыватнасці, гаворыцца:

«Дарагія жанчыны — маці, жонкі, сёстры, дочкі, унучкі, калегі, уся прыгожая палавіна Беларусі! Мужчыны 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі цёпла віншуюць вас са святам — Днём жанчын — 8 сакавіка!

Вы дорыце нам любоў і радасць, акружаеце клопатам, вы натхняеце мужчын на подзвігі і здзяйсненні! Для вас мужчыны складаюць песні і вершы, вам прысвячаюць перамогі, дораць кветкі і падарункі!

Без вас наша жыццё было б чорна-белым сюжэтам.

Жадаем вам моцнага здароўя, мірнага неба, шчасця, спакою і дабрабыту!

Няхай мужчыны захоўваюць для вас атмасферу свята не толькі 8 Сакавіка, а кожны дзень, круглы год!

Вы самыя-самыя-самыя — цудоўныя і выдатныя!

Да сустрэчы на Вялікай зямлі!

Мужчыны 13-й БАЭ: Аляксей Гайдашоў, Уладзімір Несцяровіч, Леанід Нікіцюк, Павел Растоў, Сяргей Люты, Уладзіслаў Базылевіч, Павел Шаблыка, Ягор Корзун, Мікалай Зінькевіч, Сяргей Зубрыцкі.

У якасці падарунка беларускія палярнікі даслалі відэавіншаванне, спецыяльна падрыхтаванае для дарагіх і любімых жанчын.

Нагадаем, што 19 кастрычніка 2020 года ў НАН Беларусі быў дадзены ўрачысты старт трынаццатай Беларускай антарктычнай экспедыцыі. На лядовы кантынент адправіліся дзесяць удзельнікаў. Падчас экспедыцыі 2020—2021 гадоў плануецца завяршыць стварэнне першай чаргі інфраструктуры антарктычнай станцыі і яе падрыхтоўку да функцыянавання ў круглагадовым фармаце. Па стане на сярэдзіну лютага зманціраваны і ўведзены ў эксплуатацыю шэраг аб`ектаў станцыі. Гэта і трохсекцыйны модуль кіравання, сувязі і навігацыі, і восем секцый службова-жылога модуля, і біялагічная лабараторыя, і новы комплекс дызель-электрастанцыі.

Цяпер рэалізуецца шэраг навуковых праектаў па вывучэнні Антарктыкі. Яны прадугледжваюць даследаванне аэразольнага і газавага саставу атмасферы, УФ-выпраменьвання, а таксама зямной кары ў раёне гары Вячэрняя. Вядзецца маніторынг азонавага слою Зямлі, пошук участкаў, перспектыўных з пункту гледжання наяўнасці карысных выкапняў, ацэньваюцца магчымасці выкарыстання біялагічных рэсурсаў Антарктыкі.



Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 5 сакавіка 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/297/58564
Текущая дата: 12.10.2024