Белорусский портал в Казахстане

У Сусветны дзень інфармавання аб праблеме аўтызму Сямейны інклюзіў-тэатр "і" пакажа новы спектакль "Дрэва казак"



У Сусветны дзень інфармавання аб праблеме аўтызму, які адзначаецца 2 красавіка, Сямейны інклюзіў-тэатр "і" прадставіць новы, ужо трэці па ліку, спектакль "Дрэва казак" з удзелам "асаблівых дзяцей".

Як паведаміла 29 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску мастацкі кіраўнік тэатра Ірына Пушкарова, спектакль — гэта "серыя навел пра сяброўства, дабро, пра вечныя каштоўнасці, якія дзеці будуць перадаваць словам".

Яна адзначыла, што пастаноўка заняла другое месца на IV Міжнародным фестывалі "Скрыжаваннi. Miнск", які прайшоў у сталіцы 16—18 сакавіка. "Мы вельмі гэтым ганарымся, і гэта кажа пра тое, што ўзровень дзяцей і тэатра расце", — сказала Пушкарова.

Сёння ў інклюзіў-тэатры займаюцца 76 юных акцёраў, з якіх 26 — з асаблівасцямі развіцця. Два гады таму праект па сацыялізацыі асаблівых дзяцей, у прыватнасці з расстройствам аўтычнага спектра (РАС), пачынаўся з чатырох дзяцей.

Паводле слоў прадзюсара тэатра Леаніда Дзінэрштэйна, за два гады існавання тэатра грамадства памяняла сваё стаўленне да інклюзіву, да дзяцей з аўтызмам. І ў гэтым ёсць вялікая заслуга СМІ і тых, хто дапамагае тэатру, адзначыў ён.

"Дзеці з РАС зусім неверагодна сацыялізуюцца ў інклюзіў-тэатры, а звычайныя дзеці атрымліваюць тут яшчэ і прышчэпку — разуменне разнастайнасці грамадства, гэта значыць адбываецца ўзаемная сацыялізацыя. Гэта праект, які не мае аналагаў", — расказаў Дзінэрштэйн.

Прадзюсар адзначыў, што ўсе спектаклі тэатра ставяцца пры падтрымцы і на сродкі спонсараў і мецэнатаў. "Мы стараемся абрастаць сябрамі, з`яўляецца шмат добрых людзей, арганізацый, нам аказваюць і тэхнічную дапамогу, — сказаў ён. — Цяпер спрабуем абзавесціся сталым месцам — рэпетыцыйнай базай".

Ужо ў верасні тэатр разлічвае пераехаць на пастаянную пляцоўку. Вядуцца перамовы па зніжэнні арэнднай платы і адшукваюцца сродкі на рамонт памяшкання, дзе размесціцца Сямейны інклюзіў-тэатр "і". Памяшканне знаходзіцца ў цэнтры горада, побач з метро.

"Нас часта пытаюць, ці дапамагае тэатру дзяржава, — сказаў Дзінэрштэйн. — Дык мы ж і не прасілі нічога, усе два гады шчыльна працавалі, не падымаючы галавы. Вядома, калі б дзяржава ўключылася, хаця б дапамагла з арэндай памяшкання, было б выдатна".

Прэм`ера спектакля "Дрэва казак" адбудзецца 2 красавіка ў 18.30 у сталічным ДК ветэранаў. Перад пачаткам спектакля гледачам пакажуць дакументальны фільм пра акцёраў тэатра з асаблівасцямі развіцця "Хто апошні?...". Фільм расказвае пра тое, як дзеці, якія не гаварылі і дрэнна хадзілі, за паўгода-год заняткаў у тэатры змяняюцца і свабодна выступаюць на сцэне. Плануецца, што ў чэрвені фільм выйдзе ў шырокі пракат, паедзе на розныя фестывалі, пасля чаго яго, магчыма, пакажуць у тэлеэфіры.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 1 красавіка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/3/43003
Текущая дата: 03.05.2024