Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі ўвялі адміністрацыйную адказнасць для камунальнікаў за лішнія сумы ў жыроўках



У Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях з`явіўся новы артыкул 11.83 "Парушэнне парадку ўключэння ў паведамленне сум платы за жыллёва-камунальныя паслугі альбо ўключэнне ў яго іншых плацяжоў".

Паводле слоў юрыста Аляксандра Горбача, змены ў закон прадугледжваюць адказнасць за ўключэнне ў жыроўкі арганізацыямі, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і аказваюць жыллёва-камунальныя паслугі, лішнія сумы або сумы, якія перавышаюць кошт асноўных ці дадатковых паслуг.

Нядобрасумленным камунальнікам пагражае папярэджанне або штраф да дзвюх базавых велічынь (49 рублёў).

За тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання, прадугледжаны штраф ад чатырох да дзесяці базавых велічынь (ад 98 да 245 рублёў).

Горбач адзначыў, што ў адпаведнасці з заўвагай да арт. 11.83 КоАП пад паведамленнем разумеецца паведамленне аб памеры платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылым памяшканнем, а пад спажыўцамі — уласнікі жылога і (або) нежылога памяшканняў, наймальнікі, арандатары, лізінгаатрымальнікі жылога памяшкання, члены арганізацыі забудоўшчыкаў, дольнікі, якія заключылі дагавор, што прадугледжвае перадачу ім у валоданне i карыстанне аб`екта долевага будаўніцтва.

Змены ў кодэкс унесеныя 17 ліпеня 2018 года, яны ўвойдуць у сілу 29 кастрычніка гэтага года.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 30 ліпеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/3/44344
Текущая дата: 03.05.2024