Белорусский портал в Казахстане

Памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў ушанавалі ў Магілёве



У гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў каля помніка на набярэжнай Дняпра адбыўся ўрачысты мітынг.

Сярод тых, хто прайшоў праз пекла афганскай вайны больш за тры з паловай тысяч ураджэнцаў Магілёўскай вобласці. Іх подзвігі адзначаны ардэнамі і медалямі, а магіляўчанін Андрэй Мельнікаў стаў адным з пяці беларусаў, які цаной свайго жыцця атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. 

— Салдаты і афіцэры, якія адслужылі ў Афганістане, сталі элітай нашага грамадства, яны зарэкамендавалі сябе як надзейныя і высакародныя людзі, — павіншаваў ветэранаў афганскай вайны старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў. — Вы па-ранейшаму ў страі. Працуеце, дапамагаеце, падтрымліваеце стабільнасць і спакой у краіне, на ўласным прыкладзе выхоўваеце любоў да Радзімы ў моладзі.

Да мемарыяла былі ўскладзены вянкі і жывыя кветкі. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел прадстаўнікі аблвыканкама, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, моладзь. Мерапрыемствы, прысвечаныя дню вываду савецкіх войскаў з Афганістана, прайшлі ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці. З той вайны не вярнулася дамоў 118 жыхароў Магілёўшчыны.

Нэлі Зігуля
Звязда, 15 лютага 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/301/58331
Текущая дата: 12.10.2024