Белорусский портал в Казахстане

Беларускія палярнікі павіншавалі краіну з Новым годам



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе НАН.

Начальнік 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў ад імя яе ўдзельнікаў прыслаў віншаванне з надыходзячым Новым годам калектыву Нацыянальнай акадэміі навук і ўсім грамадзянам Беларусі.

"Жадаем усім моцнага здароўя, душэўнай цеплыні і ўтульнасці, поспехаў і ўдачы ў справах. Няхай усе праблемы застануцца ў мінулым, а 2021 год прынясе ў нашы дамы толькі мір і згоду, любоў і дабрабыт. Беражыце сваіх блізкіх і сябе!"- гаворыцца ў паведамленні з Антарктыды.

Урачысты старт 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі быў дадзены ў НАН 19 кастрычніка 2020 года. На лядовы кантынент адправіліся дзесяць удзельнікаў, сярод іх спецыялісты, якія пабывалі ўжо ў Антарктыдзе (5 чалавек), і навічкі. Членаў экспедыцыі чакае нялёгкая шматмесячная работа па правядзенні навуковых даследаванняў у адпаведнасці з дзяржпраграмай па вывучэнні Антарктыкі.

26-27 снежня была праведзена паветраная грузавая аперацыя па дастаўцы асабовага складу і грузаў экспедыцыі з борта навукова-даследчага судна "Акадэмік Трошнікаў" на Беларускую антарктычную станцыю "Гара Вячэрняя".

З борта судна было выканана восем верталётных рэйсаў, якімі на станцыю дастаўлена 10 беларускіх спецыялістаў і 19 т экспедыцыйных грузаў, уключаючы навуковае і прыродаахоўвае абсталяванне, сродкі транспарту і сувязі, прадукты харчавання, авіяцыйнае паліва, запасныя часткі, рамонтныя і расходныя матэрыялы.

На станцыі падрыхтаваны асноўныя сістэмы жыццезабеспячэння, транспартныя сродкі і сувязныя камунікацыі, нарыхтаваны запас прэснай вады. Асабовы склад экспедыцыі пачаў выкананне навуковых праграм, разгортванне сістэм дыстанцыйнага маніторынгу прыроднага асяроддзя Антарктыкі, мантаж і ўвод у эксплуатацыю дастаўленага тэхналагічнага і прыродаахоўнага абсталявання.

30 снежня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/309/57901
Текущая дата: 13.10.2024