Белорусский портал в Казахстане

Аналаг кінакамеры братоў Люм`ер прадставяць у Музеі гісторыі беларускага кіно



Музей гісторыі беларускага кіно 28 снежня запрашае прыняць удзел у праекце "Першы сеанс", прымеркаваным да 125-годдзя кінематографа, паведамілі арганізатары.

Наведвальнікам пакажуць адзіны на тэрыторыі Беларусі музейны прадмет-аналаг кінакамеры Cinematographe - самай першай матэрыялізацыі таго вынаходства, якім браты і бацька Люм`ер стваралі карціны ў 1895 годзе.

"Выбіраючы да юбілею артэфакт, мы спыніліся на кінакамеры. Гэта тая самая, першая, з якой усё пачалося. Бо менавіта на вынаходстве братоў Люм`ер завяршылася барацьба за ажыўленне карцінкі. Галоўнае, што наша рэпліка будзе аналагічнай арыгіналу", - адзначыў кіраўнік Музея гісторыі беларускага кіно Ігар Аўдзееў.

У час мерапрыемства наведвальнікі змогуць адправіцца ў віртуальнае слайд-падарожжа на радзіму кінематографа, у дом-музей сям`і Люм`ер у Ліёне.

"Акрамя таго, будзе паказана "першая дзясятка" - падборка кароткіх сюжэтаў з публічнай дэманстрацыі, з якой 125 гадоў таму, уласна кажучы, і пачалося летазлічэнне гісторыі кінематографа. Таксама гледачы ўбачаць першы ігравы камедыйны фільм "Паліты палівальшчык". Памяць пра падзею дапаможа захаваць тэматычная фотазона", - адзначылі ў музеі.

Колькасць удзельнікаў мерапрыемства будзе абмежавана. Каб больш паглыбіцца ў атмасферу першага кінапаказу, гледачоў будзе ўсяго 35, як і ў 1895 годзе. Праект "Першы сеанс" стане завяршальнай часткай эксклюзіўнага шоу-праекта "У Ліён, да Люм`ераў!".

1 снежня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/321/57344
Текущая дата: 13.10.2024