Белорусский портал в Казахстане

Фільмы першага дня кінафестывалю «Лістапад» пакажуць у трох кінатэатрах Мінска



У першы дзень 27-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» фільмы пакажуць у трох кінатэатрах сталіцы, паведамілі арганізатары.

Першы дзень фестывалю пачнецца з карціны Раду Жудэ «Вялікімі літарамі», прэс-паказ якой запланаваны на 13.30 у кінатэатры «Цэнтральны». Тут жа ў 16.30 пакажуць фільм Маджыда Маджыдзі «Дзеці сонца», а ў 19.00 — фільм «Урокі фарсі» рэжысёра Вадзіма Перэльмана. Пасля паказу адбудзецца абмеркаванне з прадзюсарам стужкі Ільёй Цофіным. У 21.50 пачнецца паказ фільма «Сёстры Макалуза» ад рэжысёра Эмы Дантэ. Завершыцца дзень у «Цэнтральным» у 23.50 карцінай «Шорта» Фрэдэрыка Луі Хвіід і Андэрса Эльхольма.

У кінатэатры «Масква» ў 17.30 пачнецца адкрыццё фестывалю «Лістапад». У 18.00 мінская публіка ўбачыць фільм адкрыцця — «Урокі фарсі».

Паказы ў кінатэатры Silver Screen Galileo пачнуцца ў 18.50 з дакументальнай камедыі «Агент крот» рэжысёра Майтэ Альбердзі. У 19.00 — фільм «Накцюрн» Чона Гванча. Фільм Грэгары Манро раскажа пра вялікага рэжысёра Стэнлі Кубрыка ў фільме «Кубрык пра Кубрыка», які пакажуць у 21.00. Стужка будзе напоўнена ўнікальнымі матэрыяламі з сям’і Кубрыка і дапоўнена інтэрв’ю з кінакрытыкам Мішэлем Сіманам. У 21.20 адбудзецца паказ зусім недзіцячай гісторыі «Эфект матылька» Яраслава Шміта.

Фестываль «Лістапад» акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF) як конкурсны фестываль фільмаў, створаных у краінах СНД, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, краінах Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, на Кубе. У бягучым годзе ён пройдзе з 6 па 13 лістапада пад слоганам «Магія вобраза». Арганізатарам выступае Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Заснавальнікі — Міністэрства культуры і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Звязда, 5 лістапада 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/331/56798
Текущая дата: 13.10.2024