Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў 20 кастрычніка, прымаючы кадравыя рашэнні.
"Сказана, што краіну не аддадзім, значыць, не аддадзім. І пакуль я Прэзідэнт, вырашаць будзе беларускі народ. Толькі людзі будуць вырашаць. Не Прэзідэнт адзін, не кіраўнік Адміністрацыі, вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты не будуць вырашаць адны. А прынясуць народу і скажуць: вырашыце вось 10, 20, 30 пытанняў. І як народ вырашыць - так і будзе", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Калі раптам народ вырашыць, што заўтра ім быць у НАТА, Паўночнаатлантычным блоку, як тут прапануюць гэтыя пратэстуны, - пойдуць у НАТА. Калі народ вырашыць парэзаць краіну на кавалкі і раздаць - будзе краіна парэзана. Але калі народ вырашыць, што жыць мы будзем у мірнай, спакойнай, ціхай, культурнай краіне, значыць, мы будзем жыць у такой краіне, - падкрэсліў беларускі лідар. - Каб ні ў каго з так званай эліты не было памылковых меркаванняў, што мы тут нешта змудрым, асабліва па Канстытуцыі, і праз падман зробім новую Канстытуцыю. Гэтага не будзе. Толькі людзі павінны вырашыць. Такі перыяд востры. Калі народ захоча нешта іншае, чым той шлях, па якім мы ішлі, ну няхай паспрабуюць".
Аляксандр Лукашэнка прывёў меркаванне замежных грамадзян, у прыватнасці ўкраінцаў, расіян, якія кажуць, што ў Беларусі народ непалоханы, людзі не жылі ў горшых умовах, а таму ім здаецца, што ўсё з неба зваліцца. "З неба нічога не зваліцца. І старэйшыя пакаленні і нават людзі вашага ўзросту - 35, 40-50 гадоў - яны разумеюць, што трэба працаваць да пасінення, каб жыць добра. У нас няма шалёных грошай. Нам усё трэба здабываць уласнымі рукамі. Я хачу, каб вы гэта данеслі да кожнага чалавека, - сказаў Прэзідэнт. - Хоць у вас там іх адзінкі. Яны ёсць, але адзінкі (размова пра грамадзян з пратэснымі настроямі ў рэгіёнах.). Ну, на "Нафтане", там так званых разумных, можа, дзясятак-другі будзе. Яны, вядома ж, не вызначаюць развіццё гэтага прадпрыемства, але павінны дакладна разумець. Што гэта за такое: беларускае не купляйце, падаткі не плаціце, спыніце вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў?"
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ раней, у востры перыяд, папярэджваў аб наступствах спынення вытворчасцей. У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў Мінскі завод колавых цягачоў: "На МЗКЦ я быў. Спыніце, калі ласка, без МЗКЦ Беларусь абыдзецца. Усё, што мы там выпускаем, напэўна, працэнтаў на 15 застаецца ў Беларусі. Усё астатняе ідзе на экспарт. Як толькі спыніце, з вамі ніхто размаўляць заўтра не будзе. І дзе будзеце вы потым? Колькі ў нас там - 5-6 тыс. чалавек, памножце на чатыры - 20 тыс. з сем`ямі. Хто карміць дзяцей будзе?"
"Гэта седзячы там, далёка за межамі Беларусі, на забеспячэнні ведаеце каго, можна разважаць. Таму людзі павінны дакладна разумець нашу пазіцыю. Усё будзе так, як яны вырашаць. Гэта мая няўхільная прынцыповая пазіцыя. Я хачу, каб вы яе разумелі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Адначасова Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: "Гэта не значыць, што я растапыру пальцы і буду сядзець і чакаць, пакуль тут галаву мне адкруцяць, а потым вам. Не, ёсць агульныя прынцыпы канстытуцыйныя. Улада павінна быць уладай".
Звяртаючыся да назначаемых кіраўнікоў у рэгіёнах, кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што ім будзе няпроста, паколькі яны будуць працаваць твар у твар з людзьмі. "Таму з імі трэба размаўляць. Не трэба нікога ўгаворваць. Які толк? Чым больш мы будзем угаворваць, тым больш будзе недаверу. Людзям проста трэба тлумачыць: вось сёння жыццё - так, няпростае, небагата мы жывём, але не горш за іншых, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - І ў нас ёсць магчымасць. Вунь украінцы часта ў тэлевізары нашым выступаюць, расказваюць. Хочаш працаваць - працуй, больш заробіш, менш - менш. Але табе на галаву снарады не падаюць. З Данбаса папрыязджалі людзі, у нас прыжыліся ўжо, дзяцей тут нараджаюць. Гэта, у рэшце рэшт, галоўнае! Таму людзям трэба проста паказаць: вось ёсць, вось будзе альтэрнатыва адна, другая - выбірайце".
"Прыйдзем мы. І Канстытуцыю будзем прымаць, і Прэзідэнта, і парламент будзем выбіраць, і ў вас там мясцовыя саветы будзем выбіраць хутка. Дамовімся з тымі, з кім можна дамаўляцца, і прымем рашэнне", - рэзюмаваў беларускі лідар.
20 кастрычніка 2020, Мінск
БЕЛТА
20 кастрычніка 2020, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/345/56514
Текущая дата: 20.11.2024