Белорусский портал в Казахстане

Нам трэба вярнуць мір на нашу зямлю і ў свае сэрцы - мітрапаліт Веніямін



Епіскап Веніямін, абраны мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, выступіў з першым зваротам. Зварот размешчаны на афіцыйным партале Беларускай праваслаўнай царквы.

"Дарагія суайчыннікі, браты і сёстры. Першы мой да вас зварот як прадстаяцеля Беларускай праваслаўнай царквы не будзе ўрачыстым і ўзнёслым. Ён будзе вынікаць з болю сэрца за родны народ і нашу зямлю, з любові да ўсіх вас. Смутак і перажыванні нашы ад часу Вялікага посту да сённяшняга дня імкліва змяняюць адзін аднаго. Мы шукаем выйсце і пакуль не знаходзім. Але як рабілі ў такіх выпадках нашы набожныя продкі і чаму вучаць нас святыя? У чым духоўнае асэнсаванне таго, што адбываецца?" - гаворыцца ў звароце.

Мітрапаліт Веніямін падкрэсліў: "Нам трэба вярнуць мір на нашу зямлю і ў свае сэрцы". Ён заклікаў усіх хрысціян няўхільна выконваць пост і прадоўжыць яго на працягу трох дзён, а таксама пакаяцца ў грахах. "Усе мы, праваслаўныя вернікі, ведаючы моц агульнай малітвы і ўсведамляючы, што акрамя знешняга процістаяння ідзе духоўная барацьба за Айчыну нашу і ў сэрцы кожнага з нас, павінны ўзмацніць сваю малітву, са стараннасцю і смеласцю, верай, надзеяй і любоўю да Бога і бліжніх", - адзначыў ён.

Уладыка дадаў: "Апошнія сумныя падзеі ў нашай Айчыне адбыліся ад таго, што сэрцы нашыя схіліліся ў нядобры бок. Веру, што калі мы натхнёна, са стараннасцю і аднадушна выканаем наш намер правесці гэтыя тры дні ў пасце, малітве і пакаянні, то хутка ўбачым водгук Неба і зразумеем, што нам, жыхарам Беларусі, трэба зрабіць, каб зло перамагчы дабром і не дапусціць у далейшым зла".

26 жніўня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/356/55663
Текущая дата: 14.10.2024