Праваахоўныя органы вядуць праверку па факце смерці 25-гадовага хлопца з Гомеля і траўмавання пяцігадовай дзяўчынкі з Гродна.
Хочацца верыць, што ўсё высветліцца, што вінаватыя будуць пакараныя. Але ўжо сёння вельмі дакладна ясна адно: малады чалавек быў бы жывы, дзіця было б не спалоханае і не з падрапаным тварам, калі б не тое, што адбывалася на вуліцах нашых гарадоў у апошнія дні.
Колькі нам яшчэ патрэбна жахаў, каб спыніцца — усім без выключэння? Гэта пытанне задае сабе, напэўна, кожны. Адказаць на яго таксама ўрэшце давядзецца нам усім. Пакуль жа мы з адкрытых крыніц сабралі некалькі меркаванняў людзей — вядомых і не вельмі. Проста ўважліва іх пачытайце.
«Я вельмі ганарыўся сваёй краінай, калі мы далі пляцоўку для перамоў Украіне, калі канфліктуючыя бакі селі за стол перагавораў. Тое, што адбываецца ў нас цяпер, — цяжка і балюча для любой краіны. На мой погляд, сёння трэба ўсім спыніцца і пачаць весці дыялог на аснове Канстытуцыі. Таму што самае галоўнае, і гэтаму нас вучыць вопыт суседзяў, — захаванне міру, недапушчэнне чалавечых ахвяр і гвалту. Трэба памятаць, што чалавечае жыццё — найвышэйшая каштоўнасць на зямлі». (Сяргей Кавальчык, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Горкага).
«Мы талерантны і спакойны народ, заўсёды ўмеем выслухоўваць меркаванні іншых. Мы прыязны народ і такім павінныя заставацца заўсёды. Я ўспамінаю страшны час Вялікай Айчыннай вайны, калі гінулі нявінныя людзі, і не дай Бог, каб такое калі-небудзь давялося ўбачыць нашым дзецям і ўнукам! Тады быў ваенны час, і людзі паміралі кожны дзень. Але цяпер спакойны, мірны час. І не трэба яго руйнаваць уласнымі рукамі, дарагія беларусы! Цяпер — час дыялогу і мірных абмеркаванняў. Мы, старэйшае пакаленне, выступаем за тое, каб краіна развівалася, рухалася далей, але ўсё гэта павінна адбывацца мірным шляхам». (Надзея Лось, былая малалетняя вязніца «Азарыч»).
«Мне б вельмі хацелася, каб гэтая сітуацыя ў найбліжэйшы час нармалізавалася, каб на вуліцах нашых гарадоў аднавіўся парадак, мы вярнуліся да звыклага ладу жыцця, маглі спакойна працаваць. Мы ніколі не супрацьстаялі ўнутры грамадства адно аднаму. Таму, якія б розныя пазіцыі ні былі ў людзей, трэба знайсці адзіны пункт для таго, каб грамадства развівалася далей эвалюцыйным шляхам, а не рэвалюцыйным. Я за мір, за светлую, яркую Беларусь і за брацкія адносіны ўнутры краіны». (Старшыня беларускага саюза кампазіратаў Алена Атрашкевіч)
«Памяркоўнасць, талерантнасць, гуманізм — гэта найлепшыя рысы беларускага нацыянальнага характару, мы спадзяёмся, што розум возьме верх над эмоцыямі, а згода прыйдзе на змену канфрантацыі». (Са звароту Саюза пісьменнікаў Беларусі).
Падобныя цытаты можна доўжыць і доўжыць. Але, калі не ўспрымаеце іх, прыслухайцеся да сябе, да свайго сэрца. Гэта ж насамрэч проста — спыніцца і задумацца. Інакш рызыкуем страціць самае дарагое — саміх сябе, сваіх блізкіх, сваю Радзіму.
Звязда, 14 жніўня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/370/55337
Текущая дата: 19.11.2024