Белорусский портал в Казахстане

Міністэрства аховы здароўя: Усім пацярпелым у час вулічных акцый меддапамога аказана ў поўным аб`ёме



Усім пацярпелым у час вулічных акцый меддапамога аказана ў поўным аб`ёме, паведаміў 11 жніўня начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Пацэеў.

"У апошнія два дні пасля несанкцыянаваных вулічных акцый у арганізацыі аховы здароўя: бальніцы, на станцыю хуткай медыцынскай дапамогі звярнуліся грамадзяне з рознымі траўмамі. У асноўным гэта траўмы мяккіх тканін, канечнасцей, але былі і пацыенты з траўмамі грудной клеткі, чэрапна-мазгавымі, з траўмамі жывата. Траўмы па большай частцы адносяцца да лёгкай ступені цяжкасці. На жаль, адзін чалавек загінуў. Пацярпелы памёр да агляду брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі. Шэрагу пацыентаў спатрэбілася аператыўнае ўмяшанне. Цяпер іх стан стабілізаваны", - сказаў Аляксандр Пацэеў.

Паводле яго слоў, цяпер у арганізацыях аховы здароўя на лячэнні знаходзяцца крыху больш за 200 чалавек. "Ім аказваецца ўся неабходная медыцынская дапамога ў поўным аб`ёме", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Аляксандр Пацэеў таксама расказаў аб стане мужчыны, які, паводле слоў відавочцаў, упаў пад аўтазак. "На самай справе, там не было пападання пад машыну. Проста чалавек упаў з яе. Цяпер ён знаходзіцца ў адным са стацыянараў горада. Яго стан стабілізаваны. Пагрозы жыццю няма", - дадаў ён.

Звязда, 11 жніўня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/373/55219
Текущая дата: 19.11.2024