Белорусский портал в Казахстане

Аркестр Расціслава Крымера намінаваны на прэстыжную еўрапейскую прэмію Opus Klassik



Міжнародны камерны аркестр East-West Chamber Orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера намінаваны на прэстыжную еўрапейскую прэмію Opus Klassik, паведамілі ў калектыве.

"Мы намінаваны на самую прэстыжную прэмію Еўропы Opus Klassik у трох катэгорыях, - расказалі ў калектыве. - Вядомы беларускі музыкант Расціслаў Крымер намінаваны як "Дырыжор года" разам з Марысам Янсансам, Паава Ярві, Сайманам Ратлам і іншымі вядомымі дырыжорамі. East-West Chamber Orchestra, які з`яўляецца рэзідэнтам Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, намініраваны ў якасці аркестра года. Акрамя таго, кампакт-дыск аркестра з камернымі сімфоніямі нумар 1 і нумар 3 Мечыслава Вайнберга намінаваны ў раздзеле "Сімфанічнае выкананне музыкі XX-XXI стагоддзя" разам з такімі праслаўленымі калектывамі, як Аркестр Баварскага радыё, Люцэрнскі, Венскі і Дрэздэнскі сімфанічны аркестры".

Дыск да 100-годдзя Мечыслава Вайнберга быў выдадзены ў мінулым годзе гуказапісной кампаніяй Naxos. Яго прэзентацыя адбылася ў час XIV Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. У рабоце над дыскам прынялі ўдзел лепшыя музыканты з розных краін свету. Дарэчы, камерная сімфонія нумар 1 Вайнберга першапачаткова ў выглядзе квартэта была напісана ў беларускай сталіцы і ўпершыню ў гісторыі запісана там жа аркестрам Крымера.

Раней дыск быў намінаваны на прэстыжную музычную прэмію International Classical Music Award у раздзеле "Сімфанічная музыка" разам з Берлінскім філарманічным аркестрам пад кіраўніцтвам Кірыла Пятрэнкі, аркестрам Танхале з Цюрыха пад кіраўніцтвам Паава Ярві.

23 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/377/54867
Текущая дата: 15.10.2024