Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Мы збераглі наш «Славянскі базар», нашу славянскую традыцыю



У Віцебскім Летнім амфітэатры Аляксандр Лукашэнка прызнаўся: у гэты ўрачысты вечар перапаўняюць пачуцці радасці і гонару за беларусаў, якія ніколі не становяцца на калені перад выклікамі часу.

І «Славянскі базар», фестываль з яркім і цікавым лёсам, — прыклад таму.

«Яго гісторыя пачалася ў далёкія 90-я на фоне няпростага выбудоўвання новых адносін паміж суверэннымі дзяржавамі, створанымі з аскепкаў велізарнай імперыі. Фестываль задумваўся як свята дружбы брацкіх народаў: беларусаў, расіян, украінцаў. Чвэрць стагоддзя таму гэта велізарнае дзейства магло адправіцца ў падарожжа па гарадах і вёсках неабдымнага Савецкага Саюза, які разваліўся. А сёлета ён мог проста стаць на паўзу, як гэта здарылася з вядомымі сусветнымі шоу і конкурсамі. Але і тады, і сёння мы збераглі наш «Славянскі базар», нашу славянскую традыцыю. Нягледзячы на закрытыя межы, тут сабраліся самыя яркія, тытулаваныя артысты Расіі, Украіны, Беларусі — брацкіх нам народаў і рэспублік — і іншых дзяржаў. Па-іншаму, напэўна, і быць не магло», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, «Славянскі базар» стаў «сэрцам» культурнага і духоўнага адзінства. І гэта «сэрца» павінна біцца ў імя галоўнай ідэі, закладзенай у аснову фестывалю: «Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення». Асабліва сёння, калі ўсе краіны і народы знаходзяцца на мяжы глабальнага геапалітычнага крызісу, перадзелу свету, жыццёва важна захаваць традыцыю, якая аб’ядноўвае людзей, лічыць Прэзідэнт. 

«Бо што б ні адбывалася ў свеце, Міжнародны фэстываль «Славянскі базар» заўсёды разбураў бар’еры і ўмацоўваў сяброўства народаў. На гэтай сцэне з году ў год выступалі сотні артыстаў розных нацыянальнасцяў, розных палітычных і рэлігійных поглядаў, з розных дзяржаў свету. Але, нягледзячы на міжнародныя канфлікты, міжнацыянальныя і ўнутрыпалітычныя крызісы, тут заўсёды панавалі мір, сяброўства і ўзаемаразуменне. У чым сакрэт? Напэўна, і перш за ўсё, у культурным кодзе славян, у агульнай тысячагадовай гісторыі продкаў сучасных славянскіх народаў. У ёй мы не знойдзем фактаў варварскага разбурэння традыцый і знішчэння іншых цывілізацый. Ёсць толькі стварэнне і ўзаемаўзбагачэнне культураў. Мы мірныя людзі, і мы рабілі і будзем рабіць усё прыгожа і па-мірнаму», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Таму штогод «Славянскі базар» штогод прыцягвае да сабе ўдзельнікаў і гасцей з розных куткоў планеты на жывапісны бераг Дзвіны — у горад, які стагоддзямі натхняў на творчасць вядомых музыкаў, мастакоў, акцёраў, які падарыў нам таленавітых рэжысёраў і дызайнераў, навукоўцаў і канструктараў, спартсменаў і трэнераў, што праславілі радзіму на ўвесь свет, працягнуў лідар Беларусі.

«Як вы ведаеце, «Славянскі базар» — гэта не толькі песні, гэта, вядома ж, галоўная сцэна, гэта цэнтр ўсіх кірункаў, усіх відаў культур. Перакананы, што і сёння гэты амфітэатр сабраў самых яркіх артыстаў, самых добрых і спагадлівых гледачоў — без іх ніяк. Не было б без вас «Славянскага базару», такіх, якія прыходзяць і прыязджаюць на гэта свята па клічы сэрца, каго аб’ядноўвае шчырая любоў да агульнанацыянальнай славянскай культуры. Хай фестывальныя дні падораць вам шмат яркіх эмоцый, конкурсы адкрыюць новыя імёны ў свеце мастацтва», — пажадаў Прэзідэнт і абвясціў ХХІХ фестываль «Славянскі базар у Віцебску» адкрытым.

Прэзідэнт уручыў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2019-2020 гады

Пасля прамовы беларускі лідар уручыў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва і спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення».

Прэміі Саюзнай дзяржавы прысуджаныя кінарэжысёру студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», народнаму артысту Беларусі Анатолю Алаю, мастацкаму кіраўніку тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», народнаму артысту Беларусі Аляксандру Яфрэмаву, аўтарскаму калектыву ў складзе сцэнарыста, рэжысёра Ірыны Марголінай, рэжысёра Аксаны Чаркасавай, рэжысёра Алены Пяткевіч, рэжысёра Ірыны Кадзюковай.

Рашэннем кіраўніка дзяржавы спецыяльная ўзнагарода Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» сёлета прысуджана народнаму артысту Расіі Філіпу Кіркораву.

Кіркораў: «Еўрабачанне» здалося — а Беларусь і «Славянскі базар» жыў, жыве і будзе жыць

Спявак звярнуўся да жыхароў Віцебска і гасцей горада па-беларуску і ўзгадаў першую ўзнагароду, якую таксама атрымаў з рук кіраўніка Беларусі, — ордэн Францыска Скарыны.

«Сёння, у гэты няпросты час, калі «Славянскі базар» адзіны выжыў сярод усіх музычных святаў на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, я лічу гэта вельмі сімвалічным, таму што я нарадзіўся ў СССР, і для мяне стаяць пад беларускім сцягам і абараняць гонар краіны — гэта ўсё роўна, што абараняць гонар і славу Расіі. Беларусь і Расія заўсёды былі разам. І тое, што сёння вы адшукалі магчымасць правесці гэты фестываль (нават «Еўрабачанне» здалося, перанеслася) — а Беларусь і «Славянскі базар» жыў, жыве і будзе жыць! Ганаруся сяброўствам з табой, Беларусь!», — прызнаўся Філіп Кіркораў, чым выклікаў чарговыя авацыі.

Аляксандр Лукашэнка вывучыў біяграфію артыста, якога назваў бліскучым. Убачыўшы спіс яго ўзнагарод, быў уражаны іх колькасцю і падумаў: чарговая.

«А потым падумаў: не, не чарговую — гэта міжнародная ўзнагарода, гэта душэўная ўзнагарода, славянская (а карані яго — у славянстве). І думаю: ён яе ўспрыме як самую высокую ўзнагароду. У яго шмат узнагарод, і я бачу яго асаблівасць — такога шчырага чалавека цяжка знайсці ў славянскім свеце», — адзначыў Прэзідэнт.

Філіп Кіркораў у сваю чаргу пажартаваў, што і яму ёсць да чаго імкнуцца: спявак пакуль мае званні Народнага артыста Расіі, Украіны, Малдовы... Уладальнік спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта і распачаў ХХІХ «Славянскі базар».

Да новых сустрэч!

У афіцыйнай частцы гала-канцэрта «Фестываль узаемаразумення» прагучалі віншаванні Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. У адрас Міжнароднага фестывалю паступілі віншаванні ад кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, палітычных і грамадскіх дзеячаў з розных краін свету. Са сцэны прагучалі словы ўдзячнасці салдатам Перамогі, што 75 год таму падарылі нам жыццё, і сённяшнім героям у белых халатах.

Удзельнікам гала-канцэрта ўручаны кветкі ад Прэзідэнта. Фінальным акордам свята стала песня «Я люблю цябе, жыццё!», падчас якой неба над Віцебскам расцвіло агнямі феерверку.

Аўтар: Варвара Марозава
Звязда, 17 ліпеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/379/54689
Текущая дата: 15.10.2024