Белорусский портал в Казахстане

Брэсцкі тэатр драмы аднаўляе работу ў звычайным фармаце



Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы аднаўляе з 5 ліпеня паказ спектакляў у звычайным фармаце, паведаміла намесніца генеральнага дырэктара БАТД па інфармацыі і арганізацыі гледача Кацярына Казбяровіч.

Для першай (пасля працяглага вымушанага перапынку) сустрэчы з гледачом адміністрацыя тэатра выбрала прэм`ерны спектакль "Не пакідай мяне" паводле аднайменнай п`есы сучаснага класіка беларускай драматургіі Аляксея Дударава. Драматычная балада ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Аляксандра Козака прымеркавана да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У цэнтры апавядання - трагічны лёс закінутай у тыл ворага неабстралянай жаночай разведгрупы. Прэм`ера спектакля намячалася ў сакавіку, але пандэмія ўнесла карэктывы ў планы тэатра. У выніку першыя паказы адбудуцца 5 і 17 ліпеня.

Прэм`ера спектакля "Ціхі шоргат адыходзячых крокаў" запланавана на вечар 8 і 19 ліпеня. Спектакль-сон паводле п`есы маладога беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага паставіў рэжысёр Дзяніс Фёдараў. Гэта гісторыя з глыбокім сэнсам, сюжэт якой пабудаваны на патаемных перажываннях галоўнага героя пасля страты блізкага чалавека. Пастаноўка разлічана на гледача старэйшага за 18 гадоў.

Таксама ў ліпеньскай афішы ўжо знаёмы публіцы авантурны дэтэктыў "Тэатр аднаго гледача". Пастаноўку галоўнага рэжысёра БАТД Цімафея Ільеўскага чарговы раз пакажуць на сцэне Вялікай залы 11 ліпеня. Упершыню спектакль быў прадстаўлены публіцы ў лютым мінулага года і з таго часу ідзе з нязменным поспехам.

Білеты ўжо ў продажы, іх можна набыць у касе тэатра, на інтэрнэт-парталах Квіткі.бай і ByCard, а таксама ў распаўсюджвальнікаў. "Мы з нецярпеннем чакаем сустрэчы з гледачамі і прымаем максімальныя меры, каб абараніць іх здароўе. Для захавання сацыяльнага дыстанцыравання будзе прымяняцца прынцып шахматнай рассадкі, сама глядзельная зала будзе двойчы санітарна апрацавана (перад спектаклем і пасля яго). У фае тэатра будзе даступны антысептык для рук. Таксама мы рэкамендуем браць з сабой ахоўныя маскі", - адзначыла Кацярына Казбяровіч.

1 ліпеня 2020, Брэст
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/386/54400
Текущая дата: 15.10.2024