Белорусский портал в Казахстане

Усебеларускі народны сход збярэцца ў новым статусе 24-25 красавіка



Першае пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу адбудзецца 24-25 красавіка.

Аб гэтым паведаміў журналістам прэм`ер-міністр, старшыня Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні першага пасяджэння VII УНС Раман Галоўчанка.

"У першы дзень у асноўным будуць разглядацца пытанні арганізацыйна-выбарчыя, таму што гэта пасяджэнне асаблівае. Трэба будзе рэалізаваць шэраг працэдур, якія прадугледжаны законам: выбраць рабочыя органы, падліковую камісію, старшыню УНС, намесніка старшыні, прэзідыум УНС - гэта пастаянна дзеючы рабочы орган, прыняць часовы рэгламент работы Усебеларускага народнага сходу. У другі дзень будуць разглядацца пытанні, якія ўключаны ў парадак дня", - расказаў кіраўнік урада.

Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, падрыхтоўка да гэтага пасяджэння ідзе ў планавым рэжыме. Ён адзначыў, што Прэзідэнт даручыў зрабіць гэта мерапрыемства "асабліва ўрачыстым, значным, запамінальным", паколькі маючае адбыцца пасяджэнне Усебеларускі народны сход упершыню правядзе ў канстытуцыйным статусе.

"Усе нашы прапановы былі ў асноўным прыняты, таму мы цяпер будзем прадаўжаць падрыхтоўку ў адпаведнасці з тымі рашэннямі, якія мы намецілі, выпрацавалі і ўзгаднілі", - расказаў прэм`ер-міністр аб выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы.

Таксама падрыхтаваны праект парадку дня першага пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу. Чакаецца, што дэлегаты, напрыклад, разгледзяць новую Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваенную дактрыну Беларусі.

"Абмяркоўвалі яшчэ шэраг пытанняў, якія датычацца канстытуцыйных паўнамоцтваў УНС, ці варта нейкія яшчэ пытанні разглядаць. Таму, магчыма, праект парадку дня будзе яшчэ дапоўнены, - дадаў старшыня аргкамітэта. - Бо ва УНС даволі шырокія паўнамоцтвы: устанаўліваць святочныя, памятныя дні, прымаць кадравыя рашэнні. Таму, магчыма, па парадку дня будуць яшчэ нейкія змяненні".

18 сакавіка 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/39/73147
Текущая дата: 05.10.2024