Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі амаль 44 тыс. доўгажыхароў ва ўзросце 90-99 гадоў



Аб гэтым 15-га чэрвеня паведаміла кіраўніца Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч.

У Беларусі 43 980 доўгажыхароў ва ўзросце 90-99 гадоў, 428 чалавек перасягнулі стагадовы рубеж.

Паводле дадзеных Людмілы Жылевіч, больш за ўсё доўгажыхароў пражывае ў Віцебскай вобласці. "Хочам правесці даследаванне, чым гэта выклікана", - праінфармавала спецыяліст. "Найбольшая колькасць доўгажыхароў сярод сельскага насельніцтва. Асабліва людзі той моцнай загартоўкі, якія прывыклі да пастаяннай фізічнай працы, свежага паветра і натуральнага харчавання", - дадала дырэктар цэнтра.

Яна расказала, што ў цэнтры актыўнага даўгалецця праводзілі невялікае апытанне сярод людзей, якім споўнілася больш за сто гадоў. Цікавіліся, аб чым яны шкадуюць, што лічаць самым важным у жыцці і якія парады далі б моладзі, каб доўга жыць. Усе апытаныя шкадавалі, што мелі недастаткова стасункаў з блізкімі, не паспелі сказаць ім усіх добрых слоў. Аб`ядноўвае доўгажыхароў пазітыўны погляд на свет і актыўнасць.

"Што датычыцца пажаданняў моладзі, то яны гаварылі, што трэба працаваць, і тады старасць за вамі не паспее", - адзначыла Людміла Жылевіч.

15 чэрвеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/391/54112
Текущая дата: 15.10.2024