Белорусский портал в Казахстане

У Белгазпрамбанку ўведзена часовая адміністрацыя



У ААТ "Белгазпрамбанк" уведзена часовая адміністрацыя, паведамілі ў прэс-службе Нацбанка Беларусі.

У мэтах абароны інтарэсаў укладчыкаў і крэдытораў адкрытага акцыянернага таварыства "Белгазпрамбанк", недапушчэння пагаршэння яго фінансавага стану пастановай праўлення Нацыянальнага банка Беларусі ад 14 чэрвеня 2020 года нумар 192 прынята рашэнне аб увядзенні з 15 чэрвеня часовай адміністрацыі па кіраванні банкам.

Названая мера прынята на падставе арт. 94, 97, 134, 134-1 Банкаўскага кодэкса з улікам інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю аб узбуджэнні Дэпартаментам фінансавых расследаванняў КДК у адносінах да службовых асоб Белгазпрамбанка крымінальных спраў па ч.3 арт.235 "Легалізацыя ("адмыванне") сродкаў, атрыманых злачынным шляхам" і ч.2 арт.243 "Ухіленне ад выплаты сум падаткаў (збораў)" КК Беларусі.

У Нацбанку растлумачылі, што размова ідзе аб парушэнні ліцэнзійнага патрабавання ў частцы наяўнасці ў банку сістэм кіравання рызыкамі і ўнутранага кантролю, якія адпавядаюць патрабаванням, устаноўленым рэгулятарам.

Кiраўнiком часовай адміністрацыі Белгазпрамбанка назначана Надзея Ермакова. Паўнамоцтвы праўлення гэтага ААТ на перыяд дзеяння часовай адміністрацыі прыпынены.

З улікам прынятага праўленнем Нацыянальнага банка рашэння будзе забяспечана ўстойлівае функцыянаванне Белгазпрамбанка, бесперапыннасць яго дзейнасці па аказанні банкаўскіх паслуг і выкананне ім абавязацельстваў перад укладчыкамі і крэдыторамі. Пры неабходнасці названаму банку будзе аказана адпаведная падтрымка з боку Нацбанка.

Што датычыцца часовай адміністрацыі, то, як растлумачылі ў Нацбанку, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам кіраўнік часовай адміністрацыі фарміруе яе склад (назначае членаў) на працягу сямі дзён з дня прыняцця рашэння аб яе назначэнні. У названы тэрмін ён пісьмова інфармуе Нацбанк аб асобах, назначаных членамі часовай адміністрацыі.

15 чэрвеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/398/54123
Текущая дата: 19.11.2024