Белорусский портал в Казахстане

ТБМ заклікала грамадзян Беларусі ўказваць беларускую мову роднай падчас перапісу насельніцтва ў 2019 годзе



Адпаведны зварот, прыняты напярэдадні сакратарыятам ТБМ, 24 ліпеня апублікавала на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" старшыня аб`яднання дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Грамадскае аб`яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) заклікала грамадзян Беларусі падчас перапісу насельніцтва у 2019 годзе ўказваць беларускую ў якасці роднай мовы.

"У 2019 годзе адбудзецца чарговы перапіс насельніцтва нашай краіны, — адзначаецца ў дакуменце. — Адно з важных пытанняў тычыцца самаідэнтыфікацыі беларусаў і наўпрост звязанае з нацыянальнай бяспекай краіны. Гэта пытанне пра родную мову. Мы прапануем вам незалежна ад вашых палітычных і рэлігійных поглядаў, а таксама нацыянальнасці падчас правядзення перапісу размаўляць з перапісчыкамі на беларускай мове, запаўняць апытальныя лісты на беларускай мове і пазначаць сваю родную мову так: беларуская".

"Тым самым вы засведчыце сваю прыналежнасць да гісторыі і культуры нашага народа, падтрымаеце беларускую мову і паспрыяеце ўмацаванню незалежнасці і нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь", — падкрэслілі аўтары звароту.

Згодна са звесткамі перапісу насельніцтва 2009 года, беларускую мову назвалі роднай 5,058 млн чалавек, або крыху больш за 60% насельніцтва краіны.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 24 ліпеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/4/44290
Текущая дата: 04.05.2024