Белорусский портал в Казахстане

"Анімаёўка-2018" прадставіць фільмы з 47 краін



XXI Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка-2018" пройдзе ў Магілёве і Магілёўскай вобласці 25-28 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Магілёўскім дзяржаўным прадпрыемстве "Кінавідэапракат".

Сёлета у фестывалі пакажуць 404 фільмы з 47 краін свету.

Праграмай таксама запланаваны кінапаказы конкурсных і пазаконкурсных праграм, творчыя сустрэчы з вядомымі рэжысёрамі-аніматарамі, майстар-класы, конкурсы, тэматычныя выстаўкі і тэатралізаваныя паказы.

Па рашэнні экспертнай камісіі, 115 анімацыйных фільмаў з 31 краіны прымуць удзел у конкурснай праграме і змогуць паспаборнічаць за галоўны прыз.

Беларусь будзе прадстаўлена васямнаццаццю работамі. Фільмы ацэніць прадстаўнічае міжнароднае журы і выбера не толькі ўладальніка Гран-пры, але і пераможцаў у 18 намінацыях: 10 дарослых і 8 дзіцячых.

Стваральнікам лепшых мультфільмаў традыцыйна ўручаць дыпломы і прызы "Вялікі хрустальны карандаш", а астатнія ўдзельнікі творчага спаборніцтва павязуць з сабой памятныя сертыфікаты.

Ідэя правядзення Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў "Анімаёўка" прыналежыць рэжысёру кінастудыі "Беларусьфільм" Ігару Волчаку. Першы форум прайшоў у маі 1998 года ў Мінску. У верасні таго ж года па ініцыятыве кіраўніцтва "Магілёўаблкінавідэапракат" свята анімацыі арганізавалі ў Магілёве. З таго часу абласны цэнтр штогод прымае гасцей і ўдзельнікаў фестывалю.

З кожным годам геаграфія краін-удзельніц пашыраецца. Калі на "Анімаёўцы-1998" было прадстаўлена 12 работ беларускіх рэжысёраў, то на юбілейным ХХ фестывалі - 240 карцін з 46 краін.

Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.

2 кастрычніка 2018, Магілёў
Сяргей Кулягін - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/4/45178
Текущая дата: 28.04.2024