Белорусский портал в Казахстане

Дэпутаты рыхтуюць да першага чытання змяненні ў закон "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь". Плануецца, што ў дадатку да яго з`явяцца эталонная выява Дзяржаўнага сцяга і яшчэ тры колеравыя версіі Дзяржаўнага герба



Аб гэтым паведаміў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Віктар Свіла.

Зменены будуць, у прыватнасці, дадаткі да закона. У дзеючым іх тры (чорна-белая выява Дзяржаўнага герба, партытура і тэкст Дзяржаўнага гімна), у праекце - сем.

"Прапануецца ўстанавіць эталонную выяву Дзяржаўнага сцяга. У дзеючай версіі закона яе няма. Яна захоўваецца ў Нацыянальным архіве. Цяпер эталон будзе ў дадатку да тэксту закона", - адзначыў парламентарый.

Дадаткова да чорна-белай версіі герба з`явяцца яшчэ тры яго эталонныя выявы - залатая, срэбная і шматкаляровая.

"Некаторыя элементы (каласы, кветкі) будуць больш дэталёва прарысаваны з дапамогай новых камп`ютарных тэхналогій. Менш мілітарызаванай стане зорка. Нахіл восі зямнога шара змяняецца так, каб контуры меж краіны знаходзіліся ў цэнтры", - расказаў Віктар Свіла.

Ён растлумачыў, што ў свой час у выяве зямнога шара захавалі арыентацыю на СССР. "Беларусь - суверэнная дзяржава, у цэнтр кампазіцыі лагічна паставіць яе", - дадаў парламентарый. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што ідэалагічны змест дзяржаўных сімвалаў Беларусі застаецца нязменным. Папраўкі ў закон уносяцца з улікам сучасных эстэтычных уяўленняў, новых магчымасцей, якія з`явіліся дзякуючы камп`ютарным тэхналогіям у мастакоў.

Віктар Свіла звярнуў увагу, што карэктоўка дзяржаўных сімвалаў не запатрабуе дадатковых затрат.

"Законапраект прадугледжвае пераходны перыяд для замены. Ён вызначаецца не канкрэтнымі каляндарнымі тэрмінамі, а мерай неабходнасці. Калі, напрыклад, закончыліся бланкі з гербам, то новыя будуць заказвацца з тым, што адпавядае новым стандартам. Ніякіх затрат, такім чынам, не спатрэбіцца, замена пройдзе ў рабочым парадку", - акцэнтаваў дэпутат.

Папраўкамі прадугледжана таксама пашырэнне сферы прымянення дзяржаўных сімвалаў. У прыватнасці, у законапраекце прапісана іх выкарыстанне ў час спартыўных спаборніцтваў, спартыўна-масавых, культурна-відовішчных мерапрыемстваў і г.д.

Чакаецца, што папраўкі ў закон аб дзяржаўных сімвалах будуць разглядацца ў першым чытанні на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў 21 мая.

12 мая 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/403/53418
Текущая дата: 15.10.2024