Белорусский портал в Казахстане

БРСМ запрашае да ўдзелу ў фотаконкурсе з вышыванкай



Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі працягвае праект «Беларусь — крыніца натхнення» і запрашае паўдзельнічаць у фотаконкурсе «Сэлфі & фота з вышыванкай».

Конкурс накіраваны на вывучэнне і захаванне нацыянальных традыцый, папулярызацыю культурнай спадчыны беларускага народа, стварэнне сегментаў патрыятычнай тэматыкі з элементамі нацыянальнага арнаменту ў культурнай інтэрнэт-прасторы.

Фотаконкурс стартуе 2 чэрвеня і будзе доўжыцца да 22 чэрвеня. Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі вучнёўскай, студэнцкай, працоўнай моладзі, спартсмены, творчыя і навуковыя хлопцы і дзяўчаты, актыў і лідары моладзевых аб’яднанняў, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы.

Конкурсныя работы прымаюцца ў двух катэгорыях: «сэлфі-фота» і «традыцыйнае фота». Конкурсныя работы катэгорыі «традыцыйнае фота» (групавыя і адзінкавыя) могуць быць прадстаўлены ў намінацыях «Фота маляняці ў вышыванцы», «Фота закаханых у вышыванцы», «Мая сям’я ў вышыванцы», «Моладзь у вышыванцы», «Вышыванкі ў іншых краінах».

У катэгорыі «сэлфі» ўдзельнічаюць фатаграфіі, апублікаваныя з 2 чэрвеня па 22 чэрвеня ў Instagram з указаннем хэштэгаў #сэлфізвышыванкай, #селфисвышиванкой, #дзеньвышыванкi, #деньвышиванки і згадваннем афіцыйнага акаўнта БРСМ.

Профіль удзельніка конкурсу павінен быць адкрытым, інакш рэгістрацыя творчай работы немагчымая. Фотаработы ў катэгорыі «традыцыйнае фота» прадстаўляюцца ў электронным выглядзе на пошту itbrsm@gmail.com c пазнакай «Фотаконкурс «Сэлфі & фота з вышыванкай». Дапускаецца выкарыстанне графічных рэдактараў для рэтушы і іншых нязначных змяненняў. Фотакалажы і фотамантаж не дапускаюцца да ўдзелу ў конкурсе.

На першым этапе члены журы з дасланых конкурсных работ выбіраюць па тры найлепшыя фатаграфіі ў кожнай намінацыі (акрамя анлайн-конкурсу) у катэгорыі «традыцыйнае фота» і адну фатаграфію ў катэгорыі «сэлфі-фота».

У склад журы ўваходзяць арганізатары конкурсу, прафесійныя фатографы і іншыя незацікаўленых асобы. На другім этапе члены журы ацэньваюць адабраныя фатаграфіі па якасці, мастацкай каштоўнасці, ідэі і адпаведнасці зададзенай тэме.

Пераможцамі конкурсу стануць работы, якія набралі большую колькасць балаў. Арганізатары пакідаюць за сабой права не вызначаць пераможцу ў якой-небудзь з намінацый і заснаваць дадатковага пераможцу ў іншай намінацыі, калі пры ацэньванні конкурсныя работы будуць мець нізкія балы.

У намінацыі «анлайн» удзельнічаюць работы, якія занялі чацвёртан месца ў кожнай катэгорыі па колькасці балаў. З 23 чэрвеня па 30 чэрвеня яны размяшчаюцца для галасавання гледачоў у афіцыйнай групе «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі БРСМ» у сацыяльнай сетцы «УКантакце».

Пераможцу вызначаць па колькасці галасоў і ўзнагародзяць асобна. Вынікі конкурсу будуць падведзены 30 чэрвеня. Аўтары работ, якія занялі прызавыя месцы ў катэгорыях «традыцыйнае фота», «сэлфі-фота» і намінацыі «анлайн», будуць узнагароджаны граматамі і каштоўнымі прызамі (фотаапаратамі імгненнага друку) падчас правядзення рэспубліканскага свята «Дзень вышыванкi».

Арганізатарам праекта выступае БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

Сяргей Расолька
Звязда, 1 чэрвеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/403/53862
Текущая дата: 18.11.2024