Белорусский портал в Казахстане

У Мінску з`явілася першая мабільная кантэйнерная пляцоўка для смецця



Спецыялісты Інстытута «Белжылпраект» распрацавалі мабільную канструкцыю для збору бытавых адходаў на бетоннай аснове.

Магчыма, камусьці вельмі хацелася б заварыць смеццеправод у сваім доме, але пазбавіцца ад крыніцы непрыемнага паху і лішняга смецця ў пад`ездзе не заўсёды так проста, як можа здавацца на першы погляд. Зрабіць гэта можна толькі ў тым выпадку, калі вам прапануюць будаўніцтва кантэйнернай пляцоўкі. Аднак і тут можа чакаць сюрпрыз — далёка не ўсюды гарадская забудова і падземныя камунікацыі дазваляюць гэта зрабіць. Дакладней сказаць, не дазвалялі, бо спецыялісты РУП «Інстытут «Белжылпраект» знайшлі альтэрнатыву.

Каб пабудаваць звычайную кантэйнерную пляцоўку, неабходна выконваць пэўныя нарматыўныя патрабаванні. Напрыклад, збор смецця павінен быць арганізаваны не бліжэй чым за 15 метраў ад вокнаў жылога дома ці за 20 метраў ад дзіцячых пляцовак для гульні і навучальных устаноў. Пры гэтым да ўваходу ў жылы дом павінна быць не болей за сто метраў, і каб да месца збору адходаў без вялікіх намаганняў змог праехаць смеццявоз. З-за шчыльнай гарадской забудовы падобныя нормы не заўсёды магчыма вытрымаць, і смеццеправод застаецца адзіным варыянтам для збору смецця, не даючы жыхарам магчымасці адбіраць другасныя матэрыяльныя рэсурсы.

Больш за тое, будаўніцтва пляцоўкі — гэта вялікія затраты для камунальнікаў (і, як вынік, для спажыўцоў паслуг) і пэўныя нязручнасці для жыхароў дамоў. Бо трэба выканаць пэўныя земляныя работы, зрабіць падушку з бетону, устанавіць бардзюры — усё гэта займае час. І трэба ж улічваць, што ў горадзе знаходзіцца шмат падземных інжынерных камунікацый, якія рана ці позна спатрэбіцца рамантаваць. Таксама вельмі важна не зачапіць іх, калі будуць весціся раскопкі падчас будаўніцтва пляцоўкі.

Аднак спецыялісты Інстытута «Белжылпраект» знайшлі рашэнне гэтай праблемы і распрацавалі мабільную канструкцыю на бетоннай аснове, якую можна будзе перамясціць з дапамогай спецыяльнай тэхнікі.

— Калі мы распрацоўвалі праект, то ў першую чаргу ўлічвалі некалькі аспектаў: нашы пляцоўкі павінны быць недарагія і зручныя для існуючых прыдамавых тэрыторый, і трэба, каб іх можна было хутка ўстанавіць, — кажа дырэктар РУП «Інстытут «Белжылпраект» Дзяніс Жэйма. — Таксама яны павінны прыгожа выглядаць і ўпісвацца ў жылую забудову. Менавіта таму мы стварылі тры розныя варыянты, каб камунальнікі маглі выбраць найлепшы для сябе.

Як тлумачыць Дзяніс Алегавіч, для ўстаноўкі такіх пляцовак не трэба праводзіць дарагіх падрыхтоўчых работ, а ўстанавіць падобную пляцоўку без вялікіх намаганняў змогуць тры спецыялісты за тры дні — ім спатрэбіцца проста сабраць канструкцыю. Пры гэтым аб`ект можна будзе размяшчаць, не хвалюючыся за падземныя інжынерныя сеткі, — у любым выпадку на працягу адной гадзіны пляцоўку можна будзе пераставіць на новае месца з дапамогай крана.

— Па сутнасці, такія пляцоўкі — гэта малыя архітэктурныя формы, і таму, на наш погляд, працэс узгаднення з рознымі гарадскімі службамі ўстаноўкі такіх аб`ектаў можна будзе значна спросціць, бо цяпер гэта займае шмат часу, — лічыць Дзяніс Жэйма.

На погляд спецыялістаў, для гэтага будзе дастаткова рашэння раённай адміністрацыі з пэўнымі рэзалюцыямі ад аддзела па надзвычайных сітуацыях, санітарных службаў і фінансістаў. У такім выпадку выйграюць усе, і самае галоўнае — людзі.

Першы мабільны аб`ект устанавілі ў Заводскім раёне Мінска на вуліцы Ташкенцкай — там не знайшлося месца для будаўніцтва звычайнай пляцоўкі. Адзін блок з трох кантэйнераў прызначаны для збору цвёрдых камунальных адходаў, другі (таксама з трох бакаў) — для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, а трэці — для буйнагабарытных адходаў. Выкінуць адходы ў пэўны кантэйнер жыхары могуць праз спецыяльнае акенца з гумавай шторкай на дзвярах пляцоўкі (за выключэннем блока для буйнагабарытных адходаў). Дарэчы, дзверы двух блокаў (для ЦКА і ДМР) замыкаюць на ўніверсальны ключ, а на самой пляцоўцы размешчаны графік вывазу ўсіх відаў адходаў.
* * *
Праектоўшчыкі адзначаюць, што затраты на ўстаноўку мабільнай пляцоўкі меншыя ў 5—8 разоў, і роўна настолькі скарачаецца і час, які раней трацілі на будаўніцтва звычайнай пляцоўкі. І хто ведае: магчыма, зусім хутка не толькі спросцяць працэс узгаднення, але і санітарныя нормы стануць менш суровыя — відавочна ж, што новы варыянт пляцоўкі выглядае куды больш эстэтычна.

Аўтар: Валерыя Кіслая
Звязда, 22 красавіка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/418/52972
Текущая дата: 18.11.2024