Белорусский портал в Казахстане

На пік захваральнасці па каранавірусе Беларусь выйдзе ў канцы красавіка – пачатку мая



Пра стан з распаўсюджваннем каранавіруса ў Беларусі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 9-га красавіка паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

На пасяджэнні другой сесіі ніжняй палаты парламента міністр прадстаўляў унесены Саветам міністраў праект змяненняў у закон «Аб ахове здароўя». Ён прыняты ў першым чытанні.

Па словах міністра, у большасці краін эпідэмія ідзе па шляху павелічэння колькасці захварэлых. Толькі Італія выйшла на «плато». 

Як адзначыў Уладзімір Каранік, у Беларусі спадзяюцца выйсці па пік у канцы красавіка — пачатку мая.

Усе пнеўманіі цяжкай ступені і двухбаковыя, незалежна ад эпідэміялагічнага анамнезу, падлягаюць абавязковаму тэставанню.

Прынята рашэнне, што кантакты першага ўзроўню ў Мінску і Віцебскай вобласці пры наяўнасці магчымасці асобнага пражывання будуць ізалявацца ў хатніх умовах.

«Спачатку самаізаляцыі падлягалі асобы, якія вярнуліся з-за мяжы. Цяпер гэты пералік пашырылі да кантактаў першага-другога ўзроўню. Тут ёсць пэўныя праблемы. Выбарачная праверка паказала, што каля 15 % людзей, якія ёй падлягалі, па месцы пражывання ў гэты час не знаходзіліся», — удакладніў Уладзімір Каранік.

Міністр упэўнены: шмат беларусаў цяпер вяртаюцца з-за мяжы, таму выпадкі завозу захворвання яшчэ будуць.

На сёння для аказання дапамогі выдзелена 7 тысяч ложкаў. Прамысловасць Беларусі асвоіла пашыў ахоўных камбінезонаў біяаховы. 

«Праблемным пытаннем з’яўляюцца рэспіратары для медыцынскіх работнікаў. Яны неабходны супрацоўнікам, якія працуюць з інфікаванымі пацыентамі. На сёння іх запасы большыя за 170 тысяч, але мы разумеем, што расход рэспіратараў складае 5-6 тысяч у суткі. Таму прымаюцца меры па папаўненні запасаў», — паведаміў Уладзімір Каранік. 

Міністр пракаментаваў пытанне наконт павелічэння аплаты медыкам. «Цяпер вырашаецца пытанне аб павелічэнні надбавак. Размова ідзе пра сумы ад 50% да 150% акладу, якія будуць штомесячна выплачвацца тым, хто кантактуе з хворымі на каранавірус пацыентамі», — падкрэсліў Уладзімір Каранік.

Міністэрства аховы здароўя не супраць дыстанцыйнай формы навучання або канікул для студэнтаў пры адной умове — калі Міністэрства адукацыі гарантуе, што студэнты не раз’едуцца па краіне, тым самым ствараючы яшчэ большую пагрозу.

«Схадзіце вечарам на Зыбіцкую. Там што, вечарам спакойна і ціха? Я разумею, што, калі мы закрыем Зыбіцкую, гэтыя людзі не перастануць тусавацца, а проста зменяць месца», — акцэнтаваў увагу Уладзімір Каранік.

Акрамя таго, адказваючы на пытанні дэпутатаў, Уладзімір Каранік расказаў, што чатыры лікёра-водачныя заводы краіны перапрафіляваны пад вытворчасць антысептыкаў. Плазму вылечаных ад каранавірусу пацыентаў плануюць выкарыстоўваць для магчымага лячэння хворых. Спецыялісты мяркуюць,што малыя дзеці амаль не хварэюць на каранавірус або пераносяць яго ў лёгкай форме, але могуць быць пераносчыкамі.

«Кіраўнік краіны таксама кажа, што ўсё мерапрыемствы трэба ўводзіць па меры неабходнасці. Калі будуць бачны прыкметы перагрузкі сістэмы аховы здароўя, то будзем ставіць пытанне аб больш жорсткім дыстанцыянаванні», — заявіў кіраўнік ведамства.

Экспертная місія СААЗ, якая цяпер працуе ў Беларусі, дасць папярэдняе заключэнне ў суботу

Выступаючы ў Авальнай зале, прадстаўнік арганізацыі ў нашай краіне Батыр Бердыклычаў, адзначыў, што рост захворванняў назіраецца з чацвёртага-пятага тыдня ва ўсіх краінах, а пачынаючы з восьмага тыдня краіны падыходзяць да так званага піку.

«Былі пытанні аб прагнозе. Тут дастаткова заканамерны і чакаемы рост далейшы. Я згодны з Уладзімірам Каранікам пра красавік-май, але. Тое, калі настане пік эпідэміі тут, наколькі ён будзе вялікі, колькі выпадкаў і якая колькасць пацыентаў будзе, асабліва тых, хто будзе мець патрэбу ў рэанімацыйнай дапамозе, будзе залежаць аб таго, якія меры будуць прымацца цяпер», — сказаў прадстаўнік СААЗ.

Аўтар: Марыя Дадалка
Звязда, 10 красавіка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/424/52635
Текущая дата: 18.11.2024