Белорусский портал в Казахстане

У абласных цэнтрах з’явяцца арт-інсталяцыі “МОВА”



Праект рэалізуецца кампаніяй А1 сумесна з ініцыятывай “Веліч роднай мовы”.

Гэтай вясной у шасці буйнейшых гарадах Беларусі ўсталююць серыю арт-інсталяцый – набораў інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць манументальнае слова “МОВА”. У Мінску яны з`явяцца ў скверы Адама Міцкевіча. Таксама арт-аб`екты ўпрыгожаць вуліцы Брэста, Віцебска, Гродна, Гомеля і Магілёва. 



Кожная з літар у інсталяцыі ўяўляе з сябе вулічную мэблю з дрэва і металу, на якой можна з камфортам размясціцца, і мае свой колер – у гэтым галоўная адметнасць праекта. Па задуме аўтара арт-аб`ектаў, вядомага беларускага скульптара Паўла Вайніцкага, колеравыя гамы скульптур ва ўсіх гарадах унікальныя. Яны падбіралася так, каб паказаць мясцовыя культурныя, гістарычныя і ландшафтныя адметнасці.

Чырвоны, чорны, зялёны, жоўты ці залацісты, шэры і розныя адценні сіняга – асноўныя колеры, якія цягам стагоддзяў атачалі беларусаў у побыце, архітэктуры і прыродзе. Гэта адлюстравана ў даследаваннях, на якіх грунтуецца ідэя праекта “МОВА”, – канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабанняў дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава (апісана ім у кнізе “Колер Беларусі”), а таксама рэканструкцыях народных строяў этнографа Міхаіла Раманюка.

Мінск – геаграфічны, сацыяльны і культурны цэнтр краіны, у якім перамяшаныя асаблівасці розных рэгіёнаў. Таму для інсталяцыі ў сталіцы выбраны ўсе асноўныя колеры – сіні, зялёны, жоўты, чырвоны і чорны. Скульптурныя літары “МОВА” з`явяцца на перасячэнні вуліц Гарадскі Вал і Няміга – у скверы Адама Міцкевіча.

Такое размяшчэнне выбрана невыпадкова – гістарычны цэнтр горада даступны як для мясцовых жыхароў, так і для турыстаў. У кантэксце праекта асабліва важна, што гэта месца носіць імя Адама Міцкевіча – аднаго з выбітных паэтаў эпохі рамантызму, які апісваў у сваіх творах прыгажосць беларускай зямлі. Пасля ўстаноўкі арт-інсталяцыі А1 плануе стварыць у скверы сетку бясплатнага Wi-Fi.

У Брэсце інсталяцыя будзе ўсталявана на перасячэнні вуліцы Савецкай і набярэжнай Францыска Скарыны. Для яе выбрана гарманічнае спалучэнне зялёнага, розных адценняў сіняга, чырвонага і чорнага. У Віцебску на вуліцы Леніна перад мастом 1000-годдзя з`явіцца “МОВА”, выкананая ў характэрных колерах творчага аб`яднання УНОВІС – жоўтым, чырвоным, чорным, залатым і сінім. Жоўты, розныя адценні сіняга, чырвоны і чорны – такое спалучэнне падабрана для скульптур на вуліцы Маставой у Гродне. На вуліцы Кірава ў Гомелі ўсталююць кампазіцыю з блакітнага, жоўтага, шэрага, чырвонага і чорнага сімвалаў. На Траецкай набярэжнай Магілёва – зялёнага, блакітнага, жоўтага, чырвонага і чорнага.

Ва ўсіх гарадах арт-аб`екты плануецца ўсталяваць да канца вясны.

Надзея Нікалаева
Звязда, 30 сакавіка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/429/52334
Текущая дата: 18.11.2024