Змяненні ўвойдуць у сілу з 1 студзеня 2021 года.
Забарона на выкарыстанне і продаж некаторых відаў аднаразовага пластыкавага посуду будзе ўведзена ва ўстановах грамадскага харчавання. Такое рашэнне прыняў урад (пастанова Савета Міністраў № 797 ад 27 лістапада 2019 года). Які канкрэтна аднаразовы посуд трапіць пад забарону, цягам трох месяцаў вызначыць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ).
— Рэалізацыя гэтага дакумента прывядзе да зніжэння выкарыстання аднаразовай палімернай упакоўкі, а таксама мінімізацыі яе ўплыву на навакольнае асяроддзе і здароўе насельніцтва. Гэта суадносіцца з Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 сакавіка 2019 года № 7, а таксама міжнароднымі тэндэнцыямі ў галіне абыходжання з пластыкам, — падкрэслівае дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў.
На думку экспертаў цэнтра, асноўным крытэрыем для ўключэння тавару ў пералік забароненых для сектара грамадскага харчавання павінна быць немагчымасць яго паўторнага выкарыстання на працягу тэрміну прыдатнасці. Згодна з гэтым крытэрыем, Цэнтр экалагічных рашэнняў прапануе ўключыць у пералік забароненых наступныя прадметы:
*пластыкавыя памешвальнікі;
*пластыкавыя трубачкі;
*сашэ з цукрам, соллю і перцам (парцыйныя ўпакоўкі, якія ўтрымліваюць тонкі пласт пластыку);
*аднаразовы посуд і прыборы, асабліва з тыпаў пластыку, якія не перапрацоўваюцца ў Беларусі;
*аднаразовыя пластыкавыя кубачкі або шматслойныя аднаразовыя кубачкі, у склад якіх уваходзіць пластык.
Як адзначае Яўген Лабанаў, не менш важна сёння ўдзяліць належную ўвагу альтэрнатыве аднаразовым пластыкавым прадметам.
— Адсутнасць дакладных крытэрыяў для выбару альтэрнатыўных тавараў можа прывесці да з`яўлення іншых аднаразовых тавараў, раскладанне або перапрацоўка якіх будуць немагчымыя ў цяперашніх умовах. Асноўным крытэрыем павінна быць магчымасць іх шматразовага выкарыстання, — заўважае эколаг.
Надзея Нікалаева
Звязда, 12 снежня 2019
Звязда, 12 снежня 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/453/51219
Текущая дата: 17.11.2024