Белорусский портал в Казахстане

Купалаўскі тэатр з поспехам прадставіў "Пінскую шляхту" на фестывалі ў Польшчы



Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы 29 верасня на міжнародным фестывалі "Напрамак Усход" у Беластоку прадставіў спектакль "Пінская шляхта" паводле п`есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, паведамілі ў тэатры.

"У Беластоку "Пінскую шляхту" іграў зорны склад Купалаўскага тэатра. Польскія гледачы змаглі ўбачыць на сцэне народнага артыста Віктара Манаева і заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Падабеда, - расказалі ў тэатры. - Білеты на паказ нашага спектакля разабралі ўжо ў першы дзень іх продажаў. А пасля выступлення публіка авацыямі і стоячы дзякавала артыстам-купалаўцам".

У час фестывалю сваё тэатральнае мастацтва прадэманстравалі калектывы Беларусі, Польшчы, Грузіі, Літвы і Украіны. У тэатры нагадалі, што ўпершыню спектакль "Пінская шляхта" ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна ўбачыў свет у 2008 годзе і з таго часу быў адзначаны многімі прэміямі ў Беларусі і за мяжой, галоўная з якіх Дзяржаўная прэмія Беларусі.

"Гэта першыя гастролі Купалаўскага тэатра ў юбілейным, сотым, сезоне. Наперадзе ў купалаўцаў шмат цікавых праектаў, запланаваны гастролі як па Беларусі, так і па замежжы. Напрыклад, спектакль "Ураджай" мы прадставім у снежні ў Парыжы", - падкрэслілі ў тэатры.

У Польшчы генеральны дырэктар тэатра Павел Латушка разам з Мікалаем Пінігіным і артыстамі тэатра правёў творчую сустрэчу з вучнямі ліцэя з беларускай мовай навучання ў горадзе Бельск-Падляскі.

Павел Латушка правёў таксама перагаворы аб перспектывах супрацоўніцтва з кіраўнікамі тэатра імя Юліуша Астэрвы ў Любліне, Нацыянальнага тэатра Польшчы, Польскага тэатра ў Варшаве, тэатра "Рампа", драматычнага тэатра імя Аляксандра Вянгеркі.

30 верасня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/468/50085
Текущая дата: 17.11.2024