Радасці і клопаты найстарэйшага ў краіне Гродзенскага заапарка, якому споўнілася 90 гадоў.
Сёння ад старога заапарка не засталося і следу. Вось ужо сем гадоў, як тут усё поўнасцю адноўлена. Літаральна ўсё. Заапарк цалкам перабудаваны, усе старыя вальеры і памяшканні знесены, на іх месцы выраслі цікавыя па канструкцыі, акуратныя домікі. З`явіліся вадаёмы, атракцыёны, інфраструктура. Карацей, сучасная рэкрэацыя для фаўны ў цэнтры горада... Адзінае, што засталося ранейшым, — цікавасць жыхароў і гасцей Гродна.
Адбудаваны нанова
З дырэктарам Алегам Жданкіным аглядаем тэрыторыю. Выказваю думку, што нядрэнна было б падчас рэканструкцыі яшчэ больш пашырыць заапарк, за яго тэрыторыяй зямля пустуе.
— Тут нічога не зменіш, гэта планавыя пабудовы, тэрыторыя таксама акрэслена — крыху больш за пяць гектараў. Сапраўды, была ідэя працягнуць яго далей, пашырыць, але генеральны план горада прадугледжвае вуліцу і дарогу да чыгуначнага вакзала. Таму ў той бок пашырацца нельга. Мы можам развівацца толькі ў плане калекцыі, — тлумачыць дырэктар.
Новая эра змяніла і саму канцэпцыю заапарка. Гэта не проста відовішчны аб`ект, але яшчэ і месца для адпачынку. Чалавек прыходзіць сюды, не толькі паназіраць за жывёламі, але і пачаставацца ў кавярні, адпачыць. Тут створаны прыгожы зялёны ландшафт, вадаёмы з прыгожымі мосцікамі, зручныя лаўкі і альтанкі.
— Гэта менавіта гарадскі заапарк, сюды можна без праблем трапіць з любога пункта Гродна. І для прыезджых таксама зручна, бо заапарк знаходзіцца побач з чыгуначным вакзалам, — гаворыць Алег Ігаравіч.
А яшчэ — гэта цэнтр аховы жывёл, вывучэння і захавання генафонду відаў, якія ўтрымліваюцца ў няволі. Пры заапарку працуе дзіцячы гурток «Зубраня». Для гэтага адведзены спецыяльны двухпавярховы будынак. На першым паверсе — жывы куток, дзе дзеці вучацца правільна даглядаць малых жывёл. На другім — аўдыторыі, там ідуць заняткі. Навуковыя супрацоўнікі ў год праводзяць у школах амаль 270 лекцый. Кожныя выхадныя заапарк арганізуе тэматычныя мерапрыемствы і святы.
Там, дзе быў велатрэк...
А вось 90 гадоў таму, у 1929 годзе, тут была гарадская ваколіца з закінутым велатрэкам. А яшчэ ў горадзе меліся аматары жывёльнага свету. Кіраваў заалагічным аддзелам малады выкладчык мужчынскай гімназіі Ян Каханоўскі. Дзякуючы яго намаганням, мясцовыя ўлады выдзелілі тэрыторыю былога велатрэка пад першы заалагічны сад. Дарэчы, ён быў на грамадскіх пачатках, існаваў на ахвяраванні жыхароў. У той час калекцыя налічвала 17 відаў, пераважна мясцовай фаўны. А першым насельнікам стаў паранены бабёр, якога гімназісты вылечылі і выхадзілі.
У вайну амаль усе будынкі заапарка былі разбураны, найбольш каштоўныя жывёлы вывезены ў Кёнігсберг, многія загінулі. Ян Каханоўскі трапіў у лік 100 закладнікаў, якіх фашысты планавалі расстраляць за забойства нямецкага ўрача. Пасля звароту мясцовых жыхароў 75 чалавек адпусцілі, у тым ліку і Каханоўскага. Але ў «чорны» спіс трапіў яго сябар — настаўнік, бацька шасцярых дзяцей Вявюрскі. Тады Каханоўскі прасіў шэфа гестапа адпусціць сябра і забраць замест яго... Імем Яна Каханоўскага названа вуліца непадалёку ад заапарка. А на самім будынку ўстаноўлены яго барэльеф.
Пасля вызвалення горада мясцовыя ўлады прынялі рашэнне аб узнаўленні заапарка. Праўда, на пачатку ў ім было ўсяго некалькі жывёлін, у тым ліку паўлін. Для наведвання аб`ект адкрылі пазней, у 1946 годзе. Цікава, што ў гэтыя гады заапарк нават выконваў дзяржпастаўкі. Напрыклад, збожжа трэба было здаць 125 кілаграмаў, малака — 174 літры.
Клопатная гаспадарка
Цяпер у заапарку больш за тры тысячы насельнікаў — ад зуброў да хамячкоў. На іх утрыманне патрэбна нямала сродкаў. Больш за ўсё за год ідзе круп — да 15 тон. Рыбы патрэбна чатыры тоны, па дзве тоны — мяса, бульбы і яблыкаў. Сотні кілаграмаў павідла, пячэння, сухафруктаў, арэхаў. А яшчэ дзясяткі тысяч яек, пяць тон малака...Толькі адзін тыгр з`ядае ў дзень шэсць-сем кілаграмаў мяса.
Сродкі на ўтрыманне выдаткоўвае бюджэт, дапамагаюць спонсары, але заапарк і сам зарабляе. Тут праводзяць платныя кансультацыі, лекцыі, экскурсіі... На тэрыторыі ёсць некалькі платных атракцыёнаў, працуе кафэ з комплекснымі абедамі і святочнымі праграмамі. Дадатковыя білеты трэба ўзяць, каб пакатацца на поні і наведаць «Бабулін дворык» — невялічкі кантактны заапарк.
Сродкі на ўтрыманне выдаткоўвае бюджэт, дапамагаюць спонсары, але заапарк і сам зарабляе. Тут праводзяць платныя кансультацыі, лекцыі, экскурсіі... На тэрыторыі ёсць некалькі платных атракцыёнаў, працуе кафэ з комплекснымі абедамі і святочнымі праграмамі. Дадатковыя білеты трэба ўзяць, каб пакатацца на поні і наведаць «Бабулін дворык» — невялічкі кантактны заапарк.
— Большая частка рэсурсаў заапарка — гэта ўласныя сродкі, — з гонарам гаворыць Алег Жданкін. — Апошнім часам ніводнай жывёлы мы не купілі за бюджэтныя грошы. І кармы самі купляем. І калі людзі кажуць, што ў нас нятанныя білеты, я адказваю: жывёлы таксама хочуць есці, і іх трэба даглядаць.
Пры заапарку ёсць свая крама, дзе можна набыць невялічкіх істот — тых жа хамячкоў. Прадаваць жывёлін у міні-заапаркі і аграсядзібы дырэктар не імкнецца. Лічыць, што там іх утрыманне не заўсёды адпаведнае, асабліва кармленне.
Кадравая палітыка — браць на работу тых, хто любіць жывёл.
— У першую чаргу звяртаю ўвагу, як чалавек абыходзіцца з жывёламі. Важна, каб ён не дапускаў грубасці, не быў узлаваны, — кажа Алег Жданкін.
Праўда, такіх дырэктар за сваю дзесяцігадовую работу не прыпомніць. Хоць кадры патрэбны. Напрыклад, зараз шукаюць заатэхніка з вопытам работы, а яшчэ — навуковага супрацоўніка...
Такін, ягуар і...свойскі казёл
Жывёлы тут асаблівыя — з пашпартамі. У кожнай свая мянушка, свая біяграфія, увогуле, на кожную заведзена асабовая справа. Ёсць і рэдкія экзэмпляры. Напрыклад, сычуаньскі такін. Толькі 30 заапаркаў свету могуць пахваліцца такой жывёлінай. Гэта самае малавывучанае капытнае ў свеце, бо насяляе цяжкадаступныя раёны Кітая і вядзе начны вобраз жыцця. Таму ўбачыць гэты від у жывой прыродзе вельмі складана.
Львіцу засталі за абедам. Каб зрабіць добры здымак, набліжаюся да самай клеткі. Драпежніца толькі вачыма павяла. А вось да клеткі з леапардам было загадана не падыходзіць вельмі блізка — яго рэакцыя можа быць вельмі хуткай. У заапарку ён жыве другі год, а да гэтага быў у Празе, потым у Роўна. Непадалёку вальер з чорным ягуарам, які вырас тут, у заапарку, куды яго прывезлі яшчэ малым. Ёсць пума, пара львоў і пара тыграў. Па словах дырэктара, лінія каціных драпежнікаў укамплектаваная.
Асаблівая гісторыя звязана з ваўкамі. Іх малымі прывезлі замест тых, што загінулі з-за прарыву цеплатрасы. Нават мянушкі ў іх адпаведныя — Петра і Цяплон. Ваўкі выраслі і пасябравалі з дырэктарам, ён свабодна заходзіць да іх у вальер, гладзіць, тузае. На такую «фамільярнасць» тут больш ніхто не прэтэндуе.
Яшчэ адзін цікавы экзэмпляр. Не экзотыка, але вельмі фактурная асоба з вялікімі крутымі рагамі.
— Гэта наш Сярога. У яго вельмі ганарлівы выгляд. Хоць трапіў да нас проста з падворка. Гаспадары не мелі куды падзець і аддалі на ўтрыманне, гэта свойскі казёл. Ён знаходзіцца тут са сваімі сяброўкамі, — расказвае Алег Жданкін.
Бывае, што прыносяць траўмаваных жывёл — зайцоў, лісічак, вожыкаў. Нямала ў гэтым спісе буслоў. Птушак пасля таго як яны падужэюць, выпускаюць у прыроду, туды, дзе ім месца. Але з`явіліся ўжо і гарадскія буслы. Адзін з іх звіў гняздо над арліным вальерам.
— Ён, відаць, пралятаючы міма, убачыў тут мноства буслоў. Пачаў прылятаць да нашай самкі, але, на жаль, яна не магла лётаць. Тады бусел знайшоў сабе іншую сяброўку, і яны пасяліліся тут у гняздзе. Вось сёлета было двое буслянят. І гэтыя буслы, відаць, пачалі лётаць па горадзе — яны ж ужо гарадскія. Людзі тэлефануюць: ратуйце птушак. Я кажу: не чапайце іх, няхай сабе лётаюць. Мяркую, што на наступны год прыляціць яшчэ больш буслоў, якія стануць «гарадскімі», — заўважае Алег Ігаравіч.
У асобным вальеры жыве «двортэр`ер» Ліза. Гэта памочніца вартаўніка, з ім яна па начах абыходзіць тэрыторыю. І калі чуе — штосьці не так, пачынае гаўкаць. Але ўдзень выпускаць яе небяспечна, будзе шумець і ганяцца за птушкамі. Лізу спецыяльна ўзялі малым шчанём і выгадавалі для аховы заапарка.
Хто адкажа за даўгабуд?
Дырэктар зазначыў, што калекцыя будзе пашырацца. У прыватнасці, ёсць намер набыць малпаў. Вядуцца перагаворы па капытных. Але многія віды зніклі, і невядома, ці будуць узноўлены.
— Былі раней белыя медзведзі, тапіры, сланы — цяпер іх няма. Увогуле набыць жывёл складана з-за абмежаванасці базы. Але ёсць і такі парадокс. Можам знайсці сродкі і нават саміх жывёл, але не можам іх прывезці з-за мяжы. Некаторыя жывёлы падпадаюць пад забарону беларускай ветэрынарнай службы, — расказвае Алег Жданкін.
— А канкрэтныя прапановы ёсць, і даволі цікавыя. Нядаўна заапарку хацелі аддаць на ўтрыманне белых насарогаў, а яшчэ раней — жырафу. Там, дзе яны зараз знаходзяцца, няма адпаведных умоў. Экзатычных жывёл можна было б размясціць у сланоўніку, які пустуе. Але, аказваецца, у ім шмат недаробак. Немагчыма засяліць сюды і слана. А некалі іх мелася нават тры ў заапарку. Пакуль будынак не будзе даведзены да нормы, ён так і застанецца пустым.
Такая ж сітуацыя з акварыумам. Спецыяльнае памяшканне са шклянымі вітрынамі пакуль не засялілі, хоць пасля аднаўлення прайшло сем гадоў. Тут нават электрычнасць не праведзена. Будынак, які знаходзіцца каля цэнтральнага ўвахода, прыходзіць у заняпад, яго фасад аблупіўся. І ўсё таму, што да гэтага часу так і не перададзены заапарку. З-за гэтага няма магчымасці разводзіць і экспанаваць рыб і земнаводных.
Затое ў мясцовым вадаёме рыба проста кішыць. Калі стаць на мосцік, сюды плывуць цэлыя касякі карасёў. Якім чынам яны заўважаюць людзей, невядома. Па словах дырэктара, іх тут ніхто не ловіць, не палохае, толькі кормяць. Вось яны і плывуць да мосціка з усіх бакоў.
Дарэчы, вадаём таксама абяцалі добраўпарадкаваць. Зрабіць берагі як у канале. Для вадаплаўных робяцца спецыяльныя сходы. Прычым сучасныя тэхналогіі дазваляюць правесці работу за некалькі дзён. Магчыма, усе недаробкі будуць ліквідаваны... хочацца верыць — не да 100-гадовага юбілею заапарка.
Аўтар: Маргарыта Ушкевіч
Звязда, 28 верасня 2019
Звязда, 28 верасня 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/468/50176
Текущая дата: 17.11.2024