Падчас цырымоніі адзначалася, што Нацыянальная літаратурная прэмія з году ў год становіцца ўсё папулярней. У гэты раз на суд журы свае творы прадставілі звыш 70 аўтараў.
Уручэнне прэміі стала адной з асноўных падзей Дня беларускага пісьменства, які 31 жніўня і 1 верасня прымае Слонім.
Узнагароды лаўрэатам уручалі міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і старшыня журы конкурсу прафесар Іван Саверчанка.
"Нацыянальная літаратурная прэмія - гэта ўвасабленне сацыяльнай палітыкі дзяржавы, праява клопату пра культуру і мастацтве, пісьменніцкай працы, духоўна-культурнай сферы", - адзначыў Іван Саверчанка.
У намінацыі "Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі" пераможцам стаў Мікола Маляўка за зборнік вершаў "Сланечнiк". Пераможцам у намінацыі "Лепшы твор прозы" стаў аўтар кнігі "Геній" Алег Ждан. Лепшым публіцыстычным творам названа кніга "VALE!" Віктара Хурсіка. Кніга Святланы Калядка "Літаратуразнаўчая тэорыя паэтычнай эмоцыі" названа лепшай у намінацыі літаратурнай крытыкі. У намінацыі "Лепшы дэбют" з кнігай "Сэрца Сакры" перамагла Станіслава Умец, а ураджэнец Слонімскага раёна Уладзімір Ягоўдзік - у намінацыі "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва" ( "Крылатыя суседзі", "Зачараваная Свіслач" і "Кветкі дзівасілу").
"Заўсёды стараюся апісваць ў сваіх кнігах родныя мясціны. Прыемна атрымліваць ўзнагароду на Слонімскай зямлі, здаецца, са сцэны бачу родную вёску", - адзначыў Уладзімір Ягоўдзік. Ён падкрэсліў, што не дзеліць літаратуру на дзіцячую ці дарослую. Добрая кніга цікавая чытачу любога ўзросту.
"Дзень Беларускага пісьменства - своеасаблівы экзамен і справаздача пісьменнікаў перад жыхарамі краіны. Кожны год з-пад пяра творчых людзей выходзяць выдатныя творы. Прыемна, што пісьменнікаў цэняць, падтрымліваюць на самым высокім узроўні", - сказаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.
Нацыянальная літаратурная прэмія зацверджана ў 2015 годзе. Арганізатарамі конкурсу выступаюць міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Звязда, 1 верасня 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/475/49585
Текущая дата: 16.11.2024