Белорусский портал в Казахстане

Сядзіба Слатвінскіх у Раванічах



У XIX стагоддзі на стварэнне палаца і парка, па легендзе, пайшлі грошы са скарба, які ў гэтых мясцінах схаваў сам Напалеон.

Вёска Раванічы знаходзіцца на беразе ракі Уша на Міншчыне. Тут размяшчаюцца дзве сапраўдныя перліны беларускай архітэктуры ў стылі класіцызму – касцёл Святога Антонія і палацава-паркавы комплекс Слатвінскіх. Абодва будынкі – у заняпадзе.

Пра сядзібу ў Раванічах мала што можна знайсці ў адкрытых крыніцах. Як і касцёл, з’явілася яна тут дзякуючы дзейнасці заможных гаспадароў. Напачатку свайго існавання Раванічы былі звычайным мястэчкам, жыццё ў якім змянілася, як гэта часта бывае, са з’яўленнем прадпрымальнага пана Антонія Слатвінскага.

Вельмі хутка тут пачалі ўзводзіць шматлікія гаспадарчыя пабудовы і пейзажны парк, дзе і па сёння растуць такія незвычайныя для Беларусі гатункі дрэў, як белы дуб і клён срэбрысты. Антоній ведаў, куды трэба ўкласці грошы, таму займаўся не толькі аздабленнем тэрыторыі. У спісе гаспадарчых пабудоў былі пякарня, сыраварня, малачарня, бровар, мылаварны цэх і спіртзавод. Асабліва малады гаспадар ганарыўся сваім агародам з цяпліцамі і садам, дзе вырошчвалі не толькі парэчкі і агрэст, але і экзатычныя дрэвы.

Мяркуючы па ўсім, малады пан выдаткаваў шмат грошай на тое, каб прывесці мястэчка да ладу. Мясцовыя жыхары доўга абмяркоўвалі, адкуль у яго столька грошай, а ў хуткім часе нават з’явілася легенда, што ён знайшоў скарб, які ў гэтых мясцінах схаваў сам Напалеон.

Заклаў пан Антоній і фундамент цудоўнага палаца, але не паспеў скончыць будаўніцтва. Гэтай справа займаўся яго сын Людвіг. Да яго вялі ліпавая алея, а перад самым уваходам размяшчалася клумба з экзатычнымі кветкамі. Разыначкай пейзажу сталі вадаёмы за палацам. На цэнтральным нават быў невялічкая выспа, дзе знаходзілася альтанка.

Неверагоднай прыгажосці палац адлюстроўваўся ў вадзе і ўтвараў казачныя краявіды.

Новы ўладальнік таксама пашырыў спіс гаспадарчых пабудоў – тэкстыльная фабрыка, некалькі млыноў, наладзіў вытворчасць вугалю, смалы і шкіпінару.

Сядзіба Слатвінскіх у якасці спадчыны пераходзіла прадпрымальным сынам, унукам і праўнукам, але пасля 1917 года яны назаўсёды пакінулі гэтыя мясціны. Такі лёс напаткаў многія беларускія сядзібы, напрыклад, палац Храптовічаў у Шчорсах.

Зараз аб былой славе нагадваюць толькі асклепкі палаца. У савецкія часы яго выкарыстоўвалі ў якасці пляцоўкі для грамадскіх устаноў, але потым і іх выселілі.

Сёння на сайце Чэрвеньскага райвыканкама палацава-паркавы комплекс знаходзіцца ў спісе інвестыцыйных прапаноў - "продаж с мэтай арганізацыі аб’екта аграэкатурызму". У якасці арганізацыі-карыстальніка помніка пазначана ААТ "Раванічы".

Sputnik, 22 жніўня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/479/49359
Текущая дата: 16.11.2024