Белорусский портал в Казахстане

"Часу на разварушванне няма"



Аляксандр Лукашэнка актуалізаваў задачы для ідэалогіі, уключаючы сферу інтэрнэту.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, назначаючы Андрэя Кунцэвіча намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, актуалізаваў задачы, якія стаяць сёння перад ідэалагічнай вертыкаллю.

На пасадзе намесніка кіраўніка Адміністрацыі Андрэй Кунцэвіч будзе курыраваць сферы ідэалогіі і работы СМІ. У сувязі з гэтым быў падкрэслены яго значны вопыт па такіх напрамках, уключаючы прафесійную адукацыю.

"Павінен сказаць, што з карабля на баль. Часу для разварушвання няма. Таму што перадвыбарная кампанія - гэта і вялікая ідэалагічная работа. А вам давядзецца займацца перш за ўсё комплексам ідэалагічнай работы, пачынаючы ад журналістыкі і заканчваючы, скажу адкрыта, лекцыямі ў ВНУ, - адзначыў Прэзідэнт. - Гэта самае слабае месца нашых дзяржаўных служачых - сустракацца з моладдзю, расказваць ім аб той палітыцы, якая праводзіцца ў дзяржаве. Таму што наша моладзь, якая сядзіць у інтэрнэце, не заўсёды прачытае аб гэтай палітыцы. А калі і прачытае, то часта ўсё навыварат перавернута".

"Інтэрнэт - гэта таксама будзе сфера ў нейкай ступені вашай адказнасці. І не з пункта гледжання ўсё закрыць і забараніць. А выкласці пазіцыю ўлады, пазіцыю Прэзідэнта. Пакуль больш за ўсё гэтым займаецца Прэзідэнт. Ён і будзе займацца гэтымі пытаннямі, але і некаторыя службовыя асобы, у тым ліку вы, а таксама кіраўнік Адміністрацыі. Перш за ўсё вы ўдваіх павінны будзеце гэтым займацца - працаваць з людзьмі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка, зыходзячы са свайго вопыту, адзначыў, што гэта вельмі шматпланавая работа: "Я ў свой час займаўся пытаннямі ідэалогіі. Можна сказаць яшчэ з юнацкіх часоў - са студэнцкай лаўкі. Я ведаю, наколькі гэта складаная і шматпланавая, цяжкая работа. І я часта гавару, што сапраўднымі ўладарамі чалавечых душ і сэрцаў не становяцца. Імі нараджаюцца. Таму калі ў вас ёсць гэтыя задаткі, якія можна, вядома, у жыцці з цягам часу развіваць, вы справіцеся з гэтай работай".

Звяртаючыся да кіраўніка Адміністрацыі Наталлі Качанавай, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў яе няма права на памылку ў гэтай кадравай прапанове.

"Гэта вельмі затратна - памыляцца на сваіх намесніках - намесніках кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, - сказаў ён. Мяне пераконваюць у тым, што вы (Андрэй Кунцэвіч.) зможаце. Прафесія ваша - журналістыка - гэтаму садзейнічае. Калі вы да гэтага часу прафесійна гэтым займаліся, значыць, у вас павінна атрымацца".

Даючы наказ новаму намесніку кіраўніка Адміністрацыі, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што яму давядзецца многім займацца як самастойна, так і разам з кіраўніком Адміністрацыі, Прэзідэнтам ставіць тыя ці іншыя задачы.

"Я ўбаку не буду. Але работа складаная. І вы павінны адчуваць тыя месцы, дзе мы недапрацоўваем. Я ўжо назваў адзін з такіх напрамкаў - работа ў інтэрнэце. Але іх нямала", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама даў параду: перш чым ісці і гаварыць з людзьмі на якую-небудзь тэму і даваць інструкцыі, спачатку дасканала самому разабрацца ў пытанні.

"Часта, асабліва калі чалавек новы прыходзіць, ён пачынае семінары праводзіць, інструктаваць некага. А тыя, хто прыехаў на семінар або канферэнцыю, сядзяць і думаюць: ну што ты мне расказваеш, сам гэтага нічога не разумееш. Таму вам трэба вельмі акуратна падыходзіць да такіх рэчаў. Трэба спачатку ўнікнуць, разабрацца, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - У адваротным выпадку вы будзеце паўтараць памылкі папярэдніх начальнікаў, якія займаліся не толькі ідэалагічнымі пытаннямі, але іншымі".

"Калі назначаны на вялікую пасаду, ты не павінен думаць, што ўжо бога за бараду ўзяў і можаш сёння ісці вяшчаць, а людзі, якія сядзяць перад табой, слухаюць, разумеюць і абавязкова павінны рабіць так, як ты скажаш. Вось гэтых памылак трэба абавязкова пазбягаць", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў шэраг пераваг Андрэя Кунцэвіча ў тым плане, што ён працаваў з людзьмі на нізавым узроўні, добра ведае запатрабаванні грамадства і грамадзян. Акрамя таго, працуючы намеснікам кіраўніка рэгіёна, валодае галоўнымі пытаннямі. Часта даручэнні датычыліся будучых парламенцкіх выбараў у частцы іх ідэалагічнага забеспячэння: "Не ўмешваючыся ў кампетэнцыю Цэнтральнай выбарчай камісіі і іншых органаў улады, вы павінны займацца сваёй справай. Адміністрацыі Прэзідэнта даручана дапамагчы ЦВК (там усяго некалькі чалавек) правесці гэту электаральную кампанію. Вы сябе павінны там знайсці. Забяспечыць ідэалогію гэтай кампаніі".

"Асноўныя напрамкі мною вызначаны. Іх трэба рэалізаваць. І так па ўсіх пытаннях, аж да ўборачнай кампаніі. Некалі гэта абкамы партыі і ЦК прама вызначалі як ідэалагічнае забеспячэнне ўборачнай кампаніі. Мы так сёння не гаворым. Тым не менш ва ўборачнай кампаніі месца Адміністрацыі Прэзідэнта павінна быць. Па ўсіх пытаннях. Я гэта адкрыта гавару, не ўтойваючы, таму што вельмі вялікую ўвагу лічу неабходным удзяляць рабоце з людзьмі. Яе па-рознаму можна называць. Я называю па-старому - ідэалагічная работа. Праўда, гэты ўжо тэрмін пачалі выгаворваць усюды. Нават тыя, якія раней мяне крытыкавалі не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў Андрэю Кунцэвічу, каб ён, прыйшоўшы з рэгіёна, знайшоў у сабе неабходныя рысы характару і паставіў сябе так, каб як цэнтральныя органы ўлады, так і жыхары сталіцы яго прынялі, успрынялі і паважалі.
_________________________________

Андрэй Кунцэвіч нарадзіўся ў Магілёве. У 2002 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (спецыяльнасць "журналістыка"), у 2007 годзе - Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі (спецыяльнасць "дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія"). Працаваў загадчыкам аддзела пісем рэдакцыі раённай газеты "Зара над Друццю" (г.п. Бялынічы), пасля - рэдактарам гэтага выдання. З 2009 па 2011 год займаў пасаду намесніка старшыні Шклоўскага райвыканкама, з 2011 па 2013 год - начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы Магілёўскага аблвыканкама. З`яўляўся першым намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама - начальнікам упраўлення ідэалагічнай работы. З 2013 па 2016 год працаваў намеснікам старшыні Магілёўскага гарвыканкама, з 2016 па 2017 год - начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Са студзеня 2017 года быў на пасадзе намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

19 жніўня 2019, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/480/49311
Текущая дата: 16.11.2024