Белорусский портал в Казахстане

Пракуратура ўзяла на кантроль выкананне інвестпраграм па будаўніцтве сацыяльна значных аб`ектаў



Аб гэтым паведамілі ў аддзеле інфармацыі Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Органы пракуратуры праверылі выкананне заканадаўства аб фармаванні і выкананні рэгіянальных інвестыцыйных праграм, якімі прадугледжана будаўніцтва сацыяльна значных аб`ектаў. 

"Устаноўлена, што на ўсіх стадыях дапускаліся парушэнні - ад вызначэння аб`ектаў будаўніцтва і выканаўцаў да кантролю за выкананнем тэрмінаў і выкарыстаннем бюджэтных сродкаў. У выніку бяздзейнасці службовых асоб выканкамаў не рэалізаваны шэраг сацыяльна значных праектаў у Мінску, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях", - расказалі ў Генпракуратуры.

Так, згодна з умовамі дагавора паміж УП "Медык" і РУП "Інстытут жылля - НДПТІБ імя Атаева С.С.", у 2016 годзе ў Мінску павінна было завяршыцца праектаванне рэканструкцыі 11-й гарадской клінічнай бальніцы. Яна з 2011 года знаходзіцца ў нездавальняючым тэхнічным і санітарным стане.

"У выніку халатнага стаўлення службовых асоб Мінгарвыканкама і УП "Медык" не завершана праектаванне першай чаргі рэканструкцыі. Пры гэтым у 2016 годзе работы коштам Br1,4 млн былі цалкам аплачаны, санкцыі за невыкананне дагаворных абавязацельстваў перавысілі Br200 тыс. Нягледзячы на гэта, не пастаўлена пытанне аб замене праектнай арганізацыі, вяртанні бюджэтных сродкаў і спагнанні штрафных санкцый", - адзначылі ў Генпракуратуры.

Аналагічную сітуацыю пракуроры выявілі пры рэканструкцыі сталічнага дзіцячага садзіка нумар 474 пад Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі дзяцей і падлеткаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Згодна з умовамі дагавора падраду з ТАА "Торэс", завяршэнне будаўніцтва гэтага аб`екта было вызначана на снежань 2013 года. Але работы вяліся са значнымі адступленнямі ад патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў і праектнай дакументацыі. Прадстаўнікі заказчыка і адначасова тэхнічнага нагляду - КУДП "УКБ Захад" - прымалі і зацвярджалі акты здачы-прыёмкі фактычна нявыкананых будаўніча-мантажных работ. У выніку да моманту заканчэння тэрміну рэалізацыі праекта гатоўнасць аб`екта склала 38 працэнтаў. Згодна з актам кантрольнага абмеру, кошт выкананых работ быў завышаны на Br90 тыс.

"Акрамя таго, на працягу будаўніцтва заказчык не забяспечваў захаванасць узведзеных канструкцый, тэхналагічнага абсталявання і матэрыялаў на аб`екце. Гэта прывяло да нанясення ўрону і дадатковых фінансавых затрат з бюджэту ў памеры звыш Br250 тыс.", - праінфармавалі ў Генпракуратуры.

Грубыя парушэнні заканадаўства дапушчаны пры ўзвядзенні іншых аб`ектаў. Напрыклад, інтэрнаты маласямейнага тыпу для медработнікаў у в. Ляскоўка Мінскага раёна, Мінскага абласнога коннаспартыўнага комплексу "Ураджайны", сярэдняй школы ў мікрараёне нумар 6 г. Барысава, тэрапеўтычнага корпуса Асіповіцкай ЦРБ і адміністрацыйна-лячэбнага корпуса Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра "Фтызіятрыя".

Па выніках праверак органы пракуратуры ўнеслі прадстаўленні ў Гомельскі, Гродзенскі, Мінскі, Магілёўскі аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам. Па шэрагу выяўленых парушэнняў арганізаваны праверкі ў рамках Крымінальна-працэсуальнага заканадаўства.

Пракуратура ўзяла на кантроль выкананне інвестпраграм аб будаўніцтве сацыяльна значных аб`ектаў.

"Адначасова Генеральная пракуратура праінфармавала прэм`ер-міністра аб стане законнасці пры распрацоўцы і выкананні інвестыцыйных праграм. Прапанавала разгледзець узнятыя пытанні на ўзроўні ўрада з запрашэннем прадстаўнікоў Генпракуратуры, КДК, абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў, усіх зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў", - паведамілі ў Генпракуратуры.

19 ліпеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/487/48821
Текущая дата: 16.11.2024