Не стала Аўгуста Мілаванава, які доўгія гады служыў у Нацыянальным Купалаўскім тэатры. Народны артыст Беларусі памёр у пятніцу.
Развітанне з народным артыстам Беларусі адбудзецца на галоўнай сцэне тэатра - пра час і дату адміністрацыя Купалаўскага паабяцала паведаміць пазней.
"19 ліпеня 2019 не стала нашага калегі, сябра, натхняльніка, настаўніка і надзвычай моцнага артыста Аўгуста Лазаравіча Мілаванава. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы глыбока смуткуе ў сувязі са стратай выдатнага чалавека і выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім", - гаворыцца ў паведамленні тэатра.
Мілаванаў нарадзіўся ў 1937 годзе ў расійскім Валгаградзе, які тады называўся Сталінград. Працаваў у Валгаградскім абласным тэатры імя М. Горкага, затым пераехаў у Беларусь - служыў спачатку ў Беларускім дзяржаўным драмтэатры імя Коласа ў Віцебску, але затым перабраўся ў Мінск, у Купалаўскі. Іграў у спектаклях "Што той салдат, што гэты", "Святая святых", "Забыцца на Герастрата", "Памінальная малітва" і многіх іншых. У нейкі момант прыняў для сябе няпростае рашэнне спыніцца і сысці са сцэны.
"Калі на сцэне пажылы акцёр, ты ўвесь час глядзіш: ці дойдзе ён да крэсла, ці павернецца ў патрэбны бок, ці скажа правільную рэпліку. Гэта ўжо не тэатр. Бывалі выпадкі, калі кажаш партнёру тэкст, а ён раптам пачынае адказваць табе словамі з іншага акту. І ты не ведаеш што рабіць, а глядач дзіўным чынам усе гэтыя моманты адчувае, адразу насцярожваецца. Калі я два разы ўпаў у спектаклі "Памінальная малітва", а потым яшчэ здарыўся мікраінсульт, то сказаў сабе: усё, хопіць", - распавядаў Мілаванаў у юбілейным інтэрв`ю з нагоды свайго 80-годдзя журналістам газеты "СБ. Беларусь сегодня".
Калі пачынаеш берагчыся, не будзе аддачы, казаў ён. Гэта несумленна ў адносінах да гледача.
Мілаванаў народны артыст Беларусі і лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі. У ліпені народнаму артысту споўнілася 82 гады.
Развітанне з Аўгустам Мілаванавым адбудзецца на галоўнай сцэне Купалаўскага тэатра. Пра час пачатку грамадзянскай паніхіды ў тэатры абяцалі паведаміць пазней.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/488/48862
Текущая дата: 16.11.2024