Белорусский портал в Казахстане

"Провады русалкі" здзейсняць у Хойніцкім раёне 23 чэрвеня



Абрад "Провады русалкі" для дабрабыту людзей і добрага ўраджаю зладзяць у аграгарадку Вялікі Бор Хойніцкага раёна 23 чэрвеня, паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Старажытнае абрадавае дзейства ў былыя гады праводзілі праз тыдзень пасля Сёмухі, у Русальны тыдзень. 

"У сельскай культуры жыхароў аграгарадка Вялікі Бор жывая гэта традыцыя. Абрад праводзілі іх прадзеды, дзяды і бацькі сучасных носьбітаў. На нейкі перыяд традыцыя была прыпыненая, а ў сярэдзіне 1990-х гадоў рытуал быў адноўлены па ўспамінах сучаснікаў, якія калісьці яшчэ дзецьмі разам з дарослымі "хадзілі за русалкай", - распавялі ў райвыканкаме.

Цяпер штогод бліжэй да вечара ўдзельнікі традыцыйнага абраду - практычна ўсе жыхары аграгарадка - апранаюць святочныя ўборы, плятуць вянкі, рыхтуюць кветкі і вялікім шэсцем праводзяць Русалку па ўсёй вёсцы. Традыцыйна яе роля выконвае маладая незамужняя дзяўчына, якую апранаюць у спецыяльны нарад з кветак, галінак дрэў і травы.

Мясцовыя выходзяць з дамоў і далучаюцца да натоўпу, які, выконваючы абрадавыя песні, накіроўваецца да поля на ўскраіне вёскі. Тут запальваюць вялікае вогнішча. Агонь мае асаблівае значэнне: над ім вяскоўцы і госці свята асвячаюць свае вянкі і вялікі абрадавы, часцінкі якога раздаюць прысутным.

Затым Русалку праводзяць у жыта, асвятляюць яе вянок, водзяць карагоды і скачуць праз агонь. Акрамя аграрна-магічнай функцыі, дзейства мае і сакральную. Лічыцца, што моладзь падчас кіравання карагода з Русалкай вакол вогнішча і скачкоў праз яго зараджаецца спецыяльнай сілай, якая дапамагае знайсці сваю пару ў жыцці і працягнуць род.

У 2016 годзе абрад "Провады русалкі" атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Звязда, 20 чэрвеня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/492/48497
Текущая дата: 16.11.2024