Аб гэтым распавяла Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, член Савета Рэспублікі ад Гомельскай вобласці Аксана Кавалькова.
Радыеактыўнае забруджванне распаўсюдзілася амаль на чвэрць тэрыторыі Беларусі. Найбольш пацярпела Гомельская вобласць: 20 з 21 раёна. За пасляаварыйны перыяд спынілі існаванне некалькі соцень вёсак і дзясяткі гаспадарак, выведзена з абароту больш за дзвесце тысяч гектараў сельгасугоддзяў.
Наступствы Чарнобыльскай катастрофы для нашай краіны аказаліся настолькі маштабнымі, што іх паспяховае пераадоленне было магчыма толькі пры ўмове сістэмнага падыходу. Асноўны адміністрацыйна-фінансавы інструмент для рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да пацярпелага насельніцтва і тэрыторый — дзяржаўныя праграмы па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы.
За 1991—2015 гады паспяхова выкананыя пяць праграм, у 2016-м пачалася рэалізацыя мерапрыемстваў у рамках шостай пяцігодкі. Адзін з самых важных кірункаў дзяржпраграмы — па-ранейшаму правядзенне ахоўных мерапрыемстваў у аграпрамысловым комплексе, якія садзейнічаюць атрыманню нарматыўна «чыстай» сельгаспрадукцыі. Каб у малаку не перавышаліся дапушчальныя ўзроўні колькасці цэзію-137 і стронцыю-90, у прыватным сектары ствараюцца кармавыя ўгоддзі для жывёлы, на пашы выконваюцца ахоўныя работы.
Для паляпшэння санітарнага стану населеных пунктаў, навядзення парадку на землях, з якіх адселена насельніцтва, і зніжэння радыяцыйнай нагрузкі на грамадзян ліквідавана каля трох тысяч аб`ектаў. Аднак праблема застаецца: трэба знесці яшчэ больш за чатыры тысячы аб`ектаў.
Цалкам вырашанае пытанне будаўніцтва жылля для прыёму людзей з Чарнобыльскай зоны. У бягучай пяцігодцы будуць працягнуты ахоўныя мерапрыемствы ў аграпрамысловым комплексе, газіфікаваны населеныя пункты, насельніцтва павінна быць забяспечана якаснай пітной вадой.
Беларусь працягне на міжнародным узроўні пазіцыянаваць сябе як краіну — эксперта ў галіне пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пасля катастрофы давялося аператыўна ствараць спецыялізаваныя навуковыя і навучальныя ўстановы, уласную навукова-практычную школу. Яна ўключае не толькі Інстытут радыялогіі, але і Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі.
Навуковыя рэкамендацыі і методыкі актыўна ўкараняюцца ў практыку асобных гаспадарак і цэлых раёнаў, рэалізуюцца адрасныя ахоўныя мерапрыемствы ў сферы земляробства, жывёлагадоўлі, агародніцтва і садоўніцтва. Дзякуючы сучасным распрацоўкам забяспечана вытворчасць сельгаспрадукцыі, якая адпавядае нарматыўным патрабаванням.
Што да будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, упэўнена, нічога страшнага ў гэтым няма: навука, тэхналогіі крочылі далёка наперад. Тое, што раней здавалася немагчымым, сёння стала рэальнасцю. Камп`ютар вызваліў чалавека ад выканання многіх складаных і небяспечных задач. На новай АЭС чалавечы фактар зніжаны да мінімуму, працаваць там будзе ўжо не такая колькасць людзей, як на чарнобыльскай станцыі.
А вырашэнне чарнобыльскіх праблем, стварэнне нарматыўнай і прававой базы па ўсіх напрамках пераадолення наступстваў катастрофы будзе і надалей заставацца на агульнадзяржаўным узроўні. Наша супольная задача — зберагчы гістарычную, культурную і прыродную спадчыну краіны, сфарміраваць экалагічную культуру і актыўную жыццёвую пазіцыю ў дачыненні да глабальных праблем, якія стаяць перад чалавецтвам, перадаць памяць пра чарнобыльскую трагедыю маладому пакаленню.
Аўтар: Варвара Марозава
Звязда, 26 красавіка 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/504/47768
Текущая дата: 16.11.2024