Белорусский портал в Казахстане

Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтавала шэраг прапаноў да нарады кіраўніка дзяржавы з сілавым блокам, заявіў 28 лютага міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам



Каментар Шуневіча быў паказаны ў эфіры навін тэлеканалаў "Беларусь 1" і СТВ.

Паводле слоў Шуневіча, адна з прапаноў тычыцца бяспекі дарожнага руху, у прыватнасці ўзмацнення адказнасці зацятых парушальнікаў ПДР.

Міністр паведаміў, што для тых, хто "наўмысна неаднаразова ігнаруе і парушае правілы дарожнага руху дзесяткі і больш разоў на працягу года", прапануецца ўвесці бальную сістэму рэагавання на парушэнні з перспектывай часовага пазбаўлення іх права кіраваць аўтамабілем.

Ва ўсім свеце такая практыка даўно рэалізуецца і мае станоўчы досвед, падкрэсліў чыноўнік.

"Бальная сістэма працаваць будзе дастаткова проста: за пэўныя віды правапарушэнняў у галіне дарожнай бяспекі будуць налічвацца балы, — распавёў ён. — І калі грамадзянін — кіроўца ці пешаход — будзе набіраць пэўную колькасць балаў за гэтыя правапарушэнні, ён будзе пазбаўляцца права на кіраванне транспартным сродкам на пэўны перыяд часу, каб выключыць магчымасць здзяйснення больш цяжкага правапарушэння, у тым ліку злачынства".

Бальная сістэма штрафаў за парушэнне правілаў дарожнага руху можа запрацаваць ужо сёлета. Прапанова ўкараніць яе ўнесеная на разгляд вясновай сесіі парламента ў рамках законапраекта "Аб дарожным руху". Ці запрацуе сістэма сёлета, залежыць ад дэпутатаў.

У 2018 годзе МУС выносіў увядзенне бальнай сістэмы на грамадскае абмеркаванне. Паводле яго вынікаў міністэрства паведаміла, што большасць рэспандэнтаў падтрымалі прапанаваную ініцыятыву. Аднак дэпутаты ў жніўні яе не падтрымалі. Тады законапраект "Аб дарожным руху" абмяркоўваўся на пашыраным пасяджэнні камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі з прадстаўнікамі УДАІ МУС, Мінтранса, Адміністрацыі прэзідэнта і іншых ведамстваў.

Бальная сістэма прадугледжвае дыферэнцыяваны падыход, калі колькасць штрафных балаў залежыць ад ступені цяжару правапарушэння і яго грамадскай небяспекі. Набраныя на працягу года з моманту ўчынення парушэння штрафныя балы згараюць, калі кіроўца не парушыў ПДР паўторна. У некаторых краінах гэтыя балы захоўваюцца даўжэй, на працягу двух-трох гадоў.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 28 лютага 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/520/46947
Текущая дата: 15.11.2024